Як зазначае выданьне, ашуканцы з ужываньнем пагроз патрабуюць доступ да банкаўскіх рахункаў, якія нібыта трэба праверыць «на прадмет законнасьці транзакцый». Далей адбываецца вывядзеньне грошай.
Міністэрства ўнутраных справаў нядаўна расказала пра схему гэтай злачыннай групоўкі. Кіраўнік групы ў Беларусі падпарадкоўваецца камусьці за мяжой. За ім ідуць непасрэдныя работнікі, задача якіх — здабываць рэквізыты банкаўскіх картак. Беларускаму лідэру ў краіне падпарадкоўваецца яшчэ некалькі ўзроўняў махляроў, кожны зь якіх мае розныя задачы.
«Запэўніваем прастадушных чытачоў: рэальныя супрацоўнікі КДБ, МУС і іншых сілавых структур, надзеленых правам пачынаць расьсьледаваньні, ніколі не праводзяць сьледчых дзеяньняў праз мэсэнджэр і сацыяльныя сеткі», — сьцьвярджае выданьне.
Разам з тым ахвяры палітычных рэпрэсій у Беларусі неаднаразова апублічвалі гісторыі, калі супрацоўнікі сілавых органаў спрабавалі кантактаваць зь імі праз мэсэнджары і пагражалі крымінальнай адказнасьцю. Пазьней удавалася высьветліць, што гэта рэальныя сілавікі. Пасьля пратэстаў 2020 былі вядомыя выпадкі, калі злачынцы пранікалі ў кватэры і рабавалі іх, прадстаўляючыся супрацоўнікамі сілавых органаў.