Трамп назваў свайго будучага пасланьніка ў гарачых пунктах сьвету

Рычард Грэнэл

Рычард Грэнэл

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў былога кіраўніка выведкі Рычарда Грэнэла на пасаду спэцыяльнага прадстаўніка. Пра гэта ён напісаў у сацыяльнай сетцы Truth Social.

Па словах Трампа, Грэнэл «будзе працаваць у самых гарачых месцах сьвету», уключаючы Вэнэсуэлу і Паўночную Карэю. У паведамленьні таксама адзначаецца, што ён «працягне змагацца за мір сілай». Па словах крыніцы Reuters, Грэнэл таксама засяродзіцца на напружанасьці на Балканах.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ён быў галоўным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка Дзярждэпартамэнту, якая ў выніку дасталася сэнатару Марка Рубіё. Грэнэл таксама разглядаўся на пасаду спэцыяльнага прадстаўніка па вайне ва Ўкраіне, якую атрымаў генэрал-лейтэнант у адстаўцы Кіт Келаг.

Падчас першага тэрміну прэзыдэнцтва Трампа Грэнэл быў амбасадарам ЗША ў Нямеччыне і спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта на мірных перамовах у Сэрбіі і Косаве. Летам 2024 года Грэнэл выступаў за стварэньне ва Ўкраіне «аўтаномных зонаў» для спыненьня вайны. Ён таксама заявіў, што не падтрымлівае ўступленьня Ўкраіны ў NATO ў блізкім часе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Навуковец-беларус з Гаваяў пра выйгрыш і пагрозы ад штучнага інтэлекту