У Польшчы працуе 7077 кампаній, дзе адным з акцыянэраў ці канчатковых бэнэфіцыяраў зьяўляецца грамадзянін Беларусі ці беларуская юрыдычная асоба, сьведчаць зьвесткі цэнтру эканамічнай інфармацыі на чэрвень 2024 году. Выданьне Most вывучыла, чым займаюцца беларускія кампаніі і якія зь іх самыя буйныя.
Актыўны рост колькасьці беларускіх кампаній пачаўся ў 2021 годзе, але больш за ўсё дзейных кампаній беларусы заснавалі ў 2022 годзе (1738) і 2023-м (1678). У 2024 годзе тэмп рэгістрацыі новых беларускіх кампаній крыху зьнізіўся, але ўсё ж застаецца высокім. За няпоўныя паўгода ў Польшчы зьявілася 687 новых кампаніяў з удзелам беларусаў.
Частка бізнэсаў апошніх гадоў — праекты эмігрантаў апошняй хвалі, якія перанесьлі дзейнасьць зь Беларусі ў Польшчу. Частка зьявілася з прычыны санкцыйнага ціску, у тым ліку ў IT-сфэры і транспартнай галіне, адзначае выданьне.
Больш за ўусё беларускіх кампаній занята ў транспартнай сфэры — 1117. Беларускія перавозчыкі актыўна пераносілі бізнэсы ў Польшчу пасьля таго, як у 2022 годзе грузавому транспарту на беларускіх нумарах забаранілі выконваць перавозкі па Эўразьвязе.
444 кампаніі зь беларускім капіталам займаюцца дзейнасьцю, зьвязанай з праграмным забесьпячэньнем, 421 арганізацыя працуе ў будаўніцтве, 289 займаюцца розьнічным анлайн-гандлем. Таксама папулярныя напрамкі беларускіх бізнэсаў — аптовы гандаль, аддзелачныя працы, паслугі цырульняў і салонаў прыгажосьці, сфэра харчаваньня
Кожная другая кампанія зь беларускім капіталам працуе ў Варшаве — агулам у польскай сталіцы 3533 арганізацыі. На другім і чацьвёртым месцах сярод польскіх гарадоў — прымежныя Беласток (754) і Бяла-Падляска (330). У тройку папулярных у беларускага бізнэсу гарадоў уваходзіць таксама Вроцлаў (357).
Сярод кампаній зь беларускім капіталам у лідэрах па даходах — нафтатрэйдар Beloil Polska, транспартна-лягістычная кампанія TELS Polska і кампанія Polcarbotrans, якая займаецца імпартам і рэалізацыяй каменнага вугалю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — у лідэрах па нарошчваньні прамых інвэстыцыяў у эканоміку Польшчы ў 2023 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 45 тысяч беларусаў падалі заяву на ДНЖ у Польшчы за 9 месяцаў 2024 году