У Грузіі аб’явілі пра перамогу экс-футбаліста Кавелашвілі на выбарах прэзыдэнта. Каля парлямэнту пратэсты

Міхаіл Кавелашвілі

14 сьнежня Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі аб’явіла аб абраньні былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі прэзыдэнтам краіны.

Прэзыдэнта абірала калегія выбарнікаў, большасьць у якой належыць кіроўнай прарасейскай партыі «Грузінская мара». Паводле афіцыйных зьвестак, за Кавелашвілі прагаласавалі 224 выбарнікі з 300 пры неабходных 200 галасах, паведамляе «Эхо Кавказа». Прадстаўнікі апазыцыі байкатавалі паседжаньне, заявіўшы, што не прызнаюць легітымнасьць галасаваньня.

Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам, яго вылучыла кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара». Ён прадстаўляе саюзную ёй партыю «Сіла народа», якая выступае з папулісцкіх антызаходніх пазыцыяў.

Міхаілу Кавелашвілі 53 гады, у яго няма вышэйшай адукацыі. У мінулым Кавелашвілі — вядомы футбаліст, пачынаў спартовую кар’еру ў тбіліскім «Лякаматыве», потым перайшоў у «Дынама». Чэмпіён Расеі 1995 году ў складзе каманды «Спартак-Аланія» з Уладзікаўказа. Таксама гуляў за «Манчэстэр Сіці», розныя клюбы Швайцарыі. Кавелашвілі быў чальцом грузінскага парлямэнту IX і X скліканьняў, стаў дэпутатам і па выніках парлямэнцкіх выбараў 26 кастрычніка, але адмовіўся ад мандата.

Аляксандар Лукашэнка ўжо павіншаваў Кавелашвілі з абраньнем на пасаду прэзыдэнта.

Інаўгурацыя новага прэзыдэнта павінна адбыцца 29 сьнежня — тэрмінам на пяць гадоў. Цяперашняя прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, чые паўнамоцтвы заканчваюцца 16 сьнежня, назвала выбары нелегітымнымі і адмовілася пакідаць пасаду.

Легітымнасьць выбараў не прызнаюць і ўдзельнікі акцыі, якія 14 сьнежня працягваюць зьбірацца ля будынка парлямэнту з патрабаваньнем прызначыць новыя парлямэнцкія выбары.

Акрамя гэтага, у Тбілісі праходзіць марш маці. Яго ўдзельнікі таксама накіраваліся да будынку парлямэнту.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі 14 сьнежня выйшла да ўдзельнікаў маршу маці, падзякаваўшы тым, хто не прызнае легітымнасьць прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў парлямэнце.

«Нічога няма. Ніхто нікога не выбіраў. Нічога не адбылося», — сказала Зурабішвілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі на фоне пратэстаў праходзяць выбары прэзыдэнта. Апазыцыя іх байкатуе