Паведамляецца, што бакі будуць абмяркоўваць «стан і пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў, напрамкі, па якіх можна надаць дадатковы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву», а таксама міжнародны парадак дня. Асноўную ўвагу падчас візыту Лукашэнка плянуе надаць «пытаньням гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня».
«Гаворка аб пашырэньні тавараабароту, разьвіцьці супрацоўніцтва ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы і па іншых напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць», — гаворыцца ў паведамленьні.
Візыт Лукашэнкі ў Аман працягнецца некалькі дзён, паведамляе мясцовы штодзёньнік Times of Oman. Паводле зьвестак выданьня, разам з Лукашэнкам у Аман прыбылі яго старэйшы сын Віктар Лукашэнка, міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў, міністар прамысловасьці Аляксандар Яфімаў, міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Анатоль Ліневіч і амбасадар Беларусі ў Эгіпце (па сумяшчальніцтве ў Судане і Амане) Сяргей Цярэнцьеў.
Першы і адзіны візыт Лукашэнкі ў Аман адбыўся больш як 17 гадоў таму — 14-15 красавіка 2007 году.
18 лістапада, віншуючы кіраўніка і народ Аману з Нацыянальным днём, Лукашэнка заявіў, што разьлічвае на асабістую падтрымку султана «ў рэалізацыі дасягнутых дамоўленасьцяў па пашырэньні таваразвароту, прамысловага партнэрства з акцэнтам на сумесныя вытворчасьці, распрацоўку транспартна-лягістычных маршрутаў і інвэстыцыйных праектаў, нарошчваньні супрацы ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў і гуманітарных сфэрах».
14 кастрычніка прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падчас сустрэчы ў Маскаце (сталіца Аману) з віцэ-прэм’ерам у справах Савета міністраў Аману Саідам Фахадам бэн Махмудам аль-Саідам выказаў спадзеў на «ўзмацненьне гандлёва-эканамічных сувязяў» паміж краінамі і заявіў пра «вельмі вялікую» адкрытасьць і гатоўнасьць да разьвіцьця двухбаковых стасункаў «ва ўсіх сфэрах — палітычнай, міжпарлямэнцкай, гандлёва-эканамічнай». Падчас візыту падпісалі шэраг двухбаковых дакумэнтаў, сярод іх мэмарандумы аб узаемаразуменьні паміж Міністэрствам фінансаў Беларусі і ўпраўленьнем рынку капіталу Аману, паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі і Міністэрствам гандлю, прамысловасьці і садзейнічаньня інвэстыцыям Аману, а таксама ўпраўленьнем па абароне правоў спажыўцоў Аману.
Паводле МЗС Беларусі, у 2021 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Аманам складаў 1,5 млн даляраў, зь яго беларускі экспарт у Аман — 0,9 млн. У аснове паставак зь Беларусі тады ляжалі калійныя ўгнаеньні і прадукты харчаваньня. Актуальнай зьвестак на сайце МЗС няма.
Экспарт Беларусі ў Аман, як вынікае са зьвестак Белстату, яшчэ 10 гадоў таму пачаў падаць. Так, у 2011 годзе Беларусь экспартавала тавараў у Аман на агульную суму 8,6 мільёна даляраў ЗША, у 2012 годзе — на 10,2 млн даляраў, у 2013 — на 8,7 млн. Пасьля гэтага паказчыкі экспарту зьнізіліся: у 2014 годзе Беларусь экспартавала тавараў на 4,4 млн даляраў, у 2015 годзе — наагул не экспартавала, у 2016-ым — на 500 тысяч даляраў, у 2017-ым — на 3,5 млн, у 2018-ым — на 1,8 млн, у 2019-ым — на 2,2 млн, у 2020 годзе — на 800 тысяч, у 2021 — на 900 тысяч даляраў. Статыстыку пасьля 2021 году Белстат не публікуе.
Яшчэ ў 2012 годзе Аман адмовіўся ад шматмільённага праекту ў цэнтры Менску («Мінск-Сіці»), які прадугледжваў ўзьвядзеньне ў гістарычным цэнтры Менску жылога комплексу, бізнэс-цэнтру і пяцізоркавага гатэлю з агульнай сумай інвестыцыяў 150 мільёнаў даляраў з прычыны нерэнтабэльнасьці праекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім сябруе Беларусь на Блізкім Усходзе? Інфаграфіка