«Ніколі не пашкодзіць шчыпок з боку журналістаў». У Вільні журналісты абмеркавалі стандарты, бясьпеку і штучны інтэлект

«Форум арганізацый журналістаў краін Балтыі і перасьледаваных журналістаў» у Вільні. 13 сьнежня 2024 году

У Вільні адбыўся штогадовы «Форум арганізацый журналістаў краін Балтыі і перасьледаваных журналістаў». Дыскусіі паміж удзельнікамі форуму ішлі ў залі Канстытуцыі Сейму Літоўскай Рэспублікі.

Журналісты Літвы, Латвіі і Эстоніі разам з палітыкамі і калегамі з краінаў, якімі кіруюць дыктатарскія рэжымы, абмеркавалі праблемы бясьпекі, захаваньня высокіх прафэсійных стандартаў у кантэксьце войнаў і міжнародных канфліктаў, а таксама выкарыстаньне ў працы СМІ штучнага інтэлекту. На ўсіх дыскусійных пляцоўках форуму беларускае пытаньне было ў цэнтры ўвагі.

Юозас Олекас

Падчас адкрыцьця форуму Юозас Олекас, нядаўна абраны першым намесьнікам старшыні літоўскага парлямэнту, нагадаў часы пасьля Другой сусьветнай вайны, калі літоўскія журналісты ў выгнаньні праз «Голас Амэрыкі», «Радыё Свабода» ды іншыя мэдыя «сумленна інфармавалі грамадзкасьць Літвы аб падзеях на іх радзіме і ў сьвеце» і гэтым дапамаглі вярнуць краіне незалежнасьць і аднавіць дэмакратычны лад. Паводле Юозаса Олекаса, місія беларускіх журналістаў у выгнаньні палягае ў захаваньні высокіх прафэсійных стандартаў, каб ня толькі паведамляць суайчыньнікам праўду, але і захаваць у іх вачах аўтарытэт і давер на будучыню. «Бо нам ніколі не пашкодзіць шчыпок з боку журналістаў», — пажартаваў палітык Юозас Олекас, сябра парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь».

Пра важнасьць сумленнай журналістыкі казаў і Жыгімантас Павілёніс, намесьнік старшыні Камітэту замежных спраў Сейма. Літоўскі дэпутат таксама перакананы, што прыйдзе час, калі Беларусь стане вольнай ад дыктатарскага рэжыму, але каб пабудаваць у ёй дэмакратыю, здольную абараняць свае каштоўнасьці, без сумленнай журналістыкі не абысьціся, мяркуе палітык. «Вам трэба мець напагатове валізку з навыкамі працаваць згодна са стандартамі эўрапейскай журналістыкі. Спадзяюся, што ў вас атрымаецца, а мы вам абавязкова ва ўсім дапаможам», — запэўніў беларускіх журналістаў Жыгімантас Павілёніс.

«Моладзь пераарыентавалася на сеткі»

Дайнюс Радзявічус

У XX стагодзьдзі сусьветныя арганізацыі з дапамогай ААН распрацавалі мноства стандартаў журналістыкі, але падзеі XXI стагодзьдзя паказалі, што іх усё роўна не хапае, мяркуе мадэратар дыскусіі аб журналісцкіх стандартах, старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус. Літоўскі журналіст нагадаў пра Акт аб свабодзе прэсы, прыняты ў Эўразьвязе. На ягоную думку, акт трэба ўдасканаліць.

Дэйвідас Вэлкас, кіраўнік групы публічнай інфармацыі і аўтарскіх правоў Міністэрства культуры Літвы, расказаў пра абарону журналістаў у Літве. Паводле адмыслоўца, цяпер за дзейнасьцю СМІ ў Літве назіраюць тры інстытуцыі, але гэта ня столькі кантроль, колькі дапамога. Так, у 2021 годзе прынялі адмысловыя акты ў падтрымку незалежных мэдыя, а кантроль за выкананьнем стандартаў перайшоў да інспэкцыі этыкі. Міністэрства культуры зацьвердзіла стыпэндыі для дасьледчыкаў, якія займаюцца праблемамі журналістаў. Але зьявіліся новыя выклікі.

«Літоўская моладзь згубіла арыенціры ў пошуках інфармацыі, цяпер яна арыентуецца ў асноўным на сацыяльныя сеткі», — канстатаваў чыноўнік.

Яшчэ адной праблемай, паводле Дэйвідаса Вэлкаса, застаецца недахоп прафэсіяналізму супрацоўнікаў мэдыя. «Тыповая хвароба ня толькі маладых, але і дасьведчаных журналістаў — лянота. Часам проста лянуюцца праверыць інфармацыю, выехаць на месца, каб спраўдзіць зьвесткі на ўласныя вочы», — расказаў Вэлкас.

Паводле адмыслоўца, нявырашанай праблемай таксама застаюцца нормы абароненасьці крыніц інфармацыі. Дакумэнты, прынятыя Эўразьвязам, гарантуюць таямніцу крыніцы, але гэта супярэчыць пазыцыі Канстытуцыйнага суду Літвы, які заявіў, што абсалютная абарона крыніцы немагчымая. «Нам патрэбна дыскусія, пры якіх умовах можна раскрыць крыніцу, а пакуль проста абавязваюць гэта зрабіць», — мяркуе Дэйвідас Вэлкас зь Міністэрства культуры Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактарцы «Мэдыязона.Беларусь» Насьце Бойка ўручылі прэмію Саюзу журналістаў Літвы

Эстонія. «Таксама ня ўсё ОК».

Прадстаўнік Саюзу журналістаў Эстоніі Ага Гашкоў заўважыў, што ў Эстоніі, якая займае адно з самых высокіх месцаў у сьвеце паводле індэксу свабоды прэсы, таксама ёсьць балючыя праблемы. Адной з такіх праблемаў Ага Гашкоў лічыць тое, што эстонскія мэдыя падзеленыя толькі на дзьве вялікія групы — а гэта робіць праблематычным зьяўленьне новых мэдыя.

«Яшчэ адна праблема — уплыў расейскай прапаганды, якая стараецца ўзьдзейнічаць ня толькі на расейскамоўных жыхароў Эстоніі, але і на эстонскамоўных», — зазначыў журналіст. Паводле Ага Гашкова, расейская прапаганда выкарыстоўвае праблемы ў эканоміцы Эстоніі, каб падарваць давер да ўраду. "Іх мэта — каб нашы грамадзяне ставіліся да эстонскіх незалежных мэдыя як да дзяржпрапаганды і ўвогуле нікому не давяралі. У Эстоніі людзі таксама ўсё больш давяраюць сацыяльным сеткам, фэйкавым навінам. Гэта жудасна!«— не хавае эмоцый эстонскі журналіст.

Марыя Епіфанава, дырэктарка інтэрнэт-выданьня «Новая газета Балтия», падзялілася сваім болем: у Расеі, як яна мяркуе, не засталося незалежнай журналістыкі, але і працаваць у Эўропе расейскамоўным журналістам усё складаней. Расейская мова становіцца таксычнай у Эўропе, прызнае Марыя Епіфанава і прыводзіць прыклад: у Латвіі, дзе яна цяпер жыве і працуе, з 1 студзеня ўсе грамадзкія мэдыя спыняць перадачы па-расейску.

«Замаўчыць грамадзкае расейскамоўнае радыё, зьнікнуць перадачы на расейскай мове на тэлебачаньні. Але яны ахоплівалі вялікую групу — да 38% аўдыторыі Латвіі, на якую цяпер краіна страціць уплыў. Гэта хутчэй эмацыйнае, але не рацыянальнае рашэньне, бо яно толькі падштурхне расейскамоўных грамадзян у абдымкі расейскай прапаганды», — лічыць журналістка Епіфанава.

Марыі Епіфанавай запярэчыў латвійскі журналіст Імантс Ліепіньш. Журналіст нагадаў, што забарона на расейскую мову, якая неўзабаве пачне дзейнічаць, тычыцца толькі грамадзкіх мэдыя, якія фінансуюцца зь бюджэту, але не прыватных СМІ.

«У Латвіі ёсьць адмысловы фонд падтрымкі мэдыя, пераважна прыватных. І ня бачу праблемы, што мэдыя становяцца больш латыскімі. Застаецца 30% расейскамоўнай аўдыторыі, зь якой прыватныя мэдыя могуць свабодна працаваць. Лічу дакладным, што ў Латвіі больш немагчыма глядзець „Рашатудэй“ ці іншыя прапагандысцкія расейскія каналы, якія сябе скампрамэтавалі. А на расейскай мове ў нас ёсьць тэлевізійны канал з Украіны. То бок можна слухаць навіны і па-расейску, але калі яны выкананыя ўкраінскімі журналістамі па сумленных стандартах», — расказаў пра сытуацыю з мэдыя ў Латвіі журналіст Імантс Ліепіньш.

37 беларускіх журналістаў за кратамі

Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і перасьледаваных журналістаў, Вільня, Літва, 13 сьнежня 2024

У дыскусіі ўзяў удзел намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Алег Агееў. Паводле Алега Агеева, размова аб стандартах прафэсіяналізму на тле паведамленьняў аб рэпрэсіях у Беларусі ня траціць актуальнасьці: рана ці позна беларускія журналісты, якія цяпер за кратамі, выйдуць на волю і працягнуць працу дзеля дэмакратыі ў краіне.

Але пакуль гучыць лічба: 37 беларускіх журналістаў за кратамі. «Але насамрэч іх больш, бо шмат хто ці сваякі просяць не агучваць затрыманьне. Людзям пагражаюць, што калі інфармацыя выйдзе, будуць дадатковыя праблемы. Мы ня ўсё можам апублічыць, і нават дапускаю, што і мы ня ўсё ведаем», — сказаў Алег Агееў.

Акурат падчас форуму ў беларускіх незалежных мэдыя зьявілася інфармацыя пра новы прысуд журналісту Ігару Карнею, якому да ранейшых 3 гадоў дадалі яшчэ 8 месяцаў зьняволеньня паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу. Алег Агееў агучыў гэтую інфармацыю з камэнтаром: «Гэта выразна ілюструе рэальнасьць: рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і набылі форму масавых».

Прадстаўнік БАЖ апісаў інструмэнтарый рэпрэсій супраць журналістаў у выгнаньні. Гэта запалохваньні сваякоў і ціск на журналістаў, якія зьехалі, праз завочныя працэсы.

«Заводзяць справы, выносяць прысуды, якіх ніхто ня бачыў, але на іх падставе арыштоўваюць маёмасьць: кватэры, гаражы, аўтамабілі. Гэта ўплывае і на самацэнзуру. Тыповай стала сытуацыя, апісаная ў адным СМІ: «ананімны журналіст бярэ інтэрвію ў ананімнага чалавека ў ананімным месцы», — расказаў Алег Агееў.

Паводле Алега Агеева, Беларуская асацыяцыя журналістаў спрабуе мінімізаваць наступствы рэпрэсій супраць журналістаў. «Штогод больш за 100 беларускіх журналістаў атрымліваюць дапамогу», — сказаў Алег Агееў і пры гэтым зазначыў, што БАЖ на радзіме прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй і ўжо пачаліся рэпрэсіі за тое, што людзі атрымалі дапамогу.

Штучны інтэлект

Другая панэль форуму прысьвячалася праблематыцы выкарыстаньня ў СМІ штучнага інтэлекту (ШІ). Такія праграмы сталі зручным інструмэнтам у журналісцкай працы, але спарадзілі і шэраг праблемаў, у тым ліку этычных, мяркуе мадэратарка панэлі, літоўская журналістка Вайва Жукене, сябра камісіі па этыцы.

Вайва Жукене нагадала і такі аспэкт: паводле дасьледаваньняў, якія прайшлі ў 47 краінах сьвету, большасьць спажыўцоў зь недаверам ставяцца да інфармацыі, якую згенэраваў ШІ. Гэта азначае, што мэдыя аб’ектыўна не зацікаўленыя ў пазначэньні аўтарства штучнага інтэлекту. Але як гэта адпавядае прафэсійным стандартам журналістыкі?

Галоўны рэдактар літоўскага парталу навінаў 15min.lt Вайдас Бенюшыс падчас дыскусіі расказаў пра зьмены ў правілах этыкі, унесеныя рэдакцыяй менавіта з улікам працы з выкарыстаньнем ШІ.

«Мы дамовіліся, што ШІ будзе нашым асыстэнтам у працы, але не галоўным інструмэнтам. Калі ж ШІ будзе выкарыстоўвацца як асноўны ў вытворчасьці кантэнту, мы вырашылі гэта пазначаць», — паведаміў Вайдас Бенюшыс.

Паводле рэдактара 15min.lt, для працы з дадзенымі ШІ вельмі карысны, а каб ён не станавіўся галоўным інструмэнтам, вельмі важна «ўкладацца ў журналіста, падвышаць узровень ягонай кампэтэнцыі, у тым ліку ў праграмаваньні».

«Давер — наша асноўная валюта, і нам трэба гэты давер захаваць. Трэба рабіць стаўку на мясцовы кантэкст, на веданьне асяродзьдзя, на разуменьне эмоцый чытачоў. Рашэньні будуць прымацца намі, а не ШІ, але зь ягоным удзелам», — падзяліўся высновамі калектыву рэдактар Вайдас Бенюшыс. Пры гэтым журналіст прызнаў, што ім у рэдакцыі ўжо даводзілася сутыкацца з выпадкамі, калі журналісты выдавалі працу ШІ за сваю.

«Бывала, што злоўжываюць ШІ. Такіх калегаў выкрывалі. Мы павінны пабудаваць мэханізмы рэгуляцыі гэтак, каб чалавек усім кіраваў, а ня штучны інтэлект», — сказаў рэдактар 15min.lt.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Навуковец-беларус з Гаваяў пра выйгрыш і пагрозы ад штучнага інтэлекту

Беларускі досьвед штучнага інтэлекту


Беларускія журналісты на форуме дзяліліся ня толькі зьвесткамі пра рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў СМІ на радзіме. Хаця ў расповедзе рэдактаркі «Зялёнага парталу» (greenbelarus.info) Яніны Мельнікавай гэтая тэма таксама прысутнічала, але толькі як фон. Рэдакцыя «Зялёнага парталу» ўжо актыўна выкарыстоўвае здольнасьці штучнага інтэлекту і зацікаўленая, каб у гэтай сфэры хутчэй прынялі нормы, якія абяцае Эўразьвяз.

«Гэтая цікавая тэхналёгія дапамагае нам рабіць выявы, безь якіх немагчыма размаўляць з нашай аўдыторыяй. Таксама з дапамогай ШІ робім відэа для сацсетак. А яшчэ ў нас выступаюць экспэрты, якія жывуць у Беларусі. І таму мы іх малюем, а не паказваем твары. То бок робім лічбавых герояў, за якімі стаяць натуральныя людзі, але гэтак іх хаваем. І трэцяе — робім з дапамогай ШІ жывую інфаграфіку. Прыкладам, з дапамогай ШІ расказалі пра энэргетычную бясьпеку ад Расеі», — расказала на форуме Яніна Мельнікава.

«Дарэчы, гэта не заўсёды добрая тэхналёгія», — дадала рэдактарка «Зялёнага парталу» і назвала нявырашаную дагэтуль праблему, якая ўзьнікае пры падрыхтоўцы тытраў для відэа. Аказалася, што ШІ недасканала валодае беларускай мовай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенаму журналісту Ігару Карнею прысудзілі яшчэ 8 месяцаў турмы

«Разьвівацца ніколі ня позна»

Сумесныя форумы беларускіх журналістаў і журналістаў краін Балтыі ў Вільні праходзяць з 2020 году. Старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус мяркуе, што сёлетні быў таксама карысны, бо падняў вельмі актуальныя пытаньні.

«Так, зноў прыходзяць зьвесткі пра тое, што за 60 кілямэтраў адсюль, у Беларусі, незалежных журналістаў на волі ўсё менш. Але гэта ня можа спыніць нас ад таго, каб думаць, як палепшыць нашу працу і чым дапамагчы адзін аднаму. Сёньня мы ўпершыню абмяркоўвалі праблемы штучнага інтэлекту. На фоне рэпрэсій у Беларусі можа падацца, што такая дыскусія арганізаваная зарана. А я скажу, што і для беларускіх журналістаў гэта ўжо запозна, мы ўжо позьнімся. У журналістыку прыйшлі новыя тэхналёгіі, яны ўжо працуюць, трэба ствараць мэханізмы іх рэгуляваньня. Таму і журналістам дэмакратычных краін нельга пазьніцца, а разьвівацца ніколі ня позна. Што ж да краінаў зь недэмакратычным ладам — у іх свая рэгуляцыя, не заснаваная на праве, скіраваная не на карысьць людзей. Нам гэта не пасуе, нам трэба ісьці дэмакратычным шляхам, — мяркуе Дайнюс Радзявічус.

  • «Форум арганізацый журналістаў краін Балтыі і перасьледаваных журналістаў» зладзілі Саюз журналістаў Літвы і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) пры падтрымцы Фонду Фрыдрыха Эбэрта (Нямеччына) і Сейму Літвы.