Новы суд над журналістам Ігарам Карнеем, які ўжо адбывае пакараньне ў мясцовай калёніі, пачаўся 11 сьнежня ў Шклове.
Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Журналісту прысудзілі 8 месяцаў зьняволеньня ў дадатак да ранейшага пакараньня. Судзіў Ігара Карнея Аляксандар Тараканаў.
У 2023 годзе Карнея асудзілі годзе паводле ч. 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») на 3 гады зьняволеньня.
Адбываць пакараньне Ігара Карнея адправілі ў калёнію № 17 у Шклове. Вядома, што там яго каралі штрафным ізалятарам (ШЫЗА), а зь лета 2024 году зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), дзе ізалююць тых вязьняў, якія нібыта ня сталі на шлях выпраўленьня.
Былому журналісту Свабоды 1 студзеня споўніцца 57 гадоў. Ён шмат пісаў на тэмы гісторыі і краязнаўства Беларусі, вядомы таксама як трэвэл-блогер.
З улікам новага прысуду Ігар Карней выйдзе на волю толькі ў кастрычніку 2026 году, праз год і 10 месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенага журналіста Ігара Карнея зноў судзяцьПра ўмовы ўтрыманьня і стан здароўя журналіста вядома няшмат.
«Выглядае, што ў камэры ён адзін. Час ад часу ад яго прыходзяць лісты. Стан нармальны, ня скардзіцца. Паглядзім, што дадасьць суд», — расказала пра Ігара Карнея дасьведчаная крыніца.
За якія парушэньні на Ігара Карнея завялі справу аб нібыта «непадпарадкаваньні», невядома.
Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітвязьнем. З патрабаваньнем спыніць перасьлед і вызваліць журналіста неаднаразова выступалі ягоныя былыя калегі і сябры зь Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Шклове пачынаецца новы суд над зьняволеным журналістам Ігарам Карнеем