Санкцыі закрануць міністраў і дэпутатаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і службаў бясьпекі, а таксама прыватных асоб.
«Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць жорсткі і неапраўданы гвалт партыі „Грузінская мара“ ў дачыненьні да грамадзян Грузіі, уключаючы ўдзельнікаў пратэстаў, прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў і апазыцыйных дзеячаў», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілера.
Паводле яго, ЗША рыхтуюць дадатковыя меры, у тым ліку санкцыі, каб «заклікаць да адказу тых, хто падрывае дэмакратыю ў Грузіі».
«Разам з народам Грузіі мы хочам бачыць моцную, квітнеючую і дэмакратычную Грузію, трывала інтэграваную ў эўраатлантычную супольнасьць. Нашы сёньняшнія дзеяньні дэманструюць рашучасьць ЗША і дапаўняюць раней абвешчаныя меры, якія тычацца больш як 100 зьвязаных з „Грузінскай марай“ асоб і членаў іх сем’яў», адзначыў ён.
ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць Грузіі пасьля таго, як грузінскі парлямэнт прыняў закон «Аб замежным уплыве». У першы сьпіс візавых абмежаваньняў увайшлі сябры кіроўнай партыі «Грузінская мара», дэпутаты парлямэнту, супрацоўнікі сілавых структур і члены іх сем’яў.
За задушэньне пратэстаў, якія пачаліся пасьля выбараў у парлямэнт, санкцыі супраць заснавальніка кіроўнай прарасейскай партыі «Грузінская мара» Бідзіны Іванішвілі і кіраўніцтва МУС увялі краіны Балтыі.
Украіна ўнесла ў санкцыйны спіс Іванішвілі і яшчэ 18 чалавек.
Вялікая Брытанія заявіла, што прыпыніць усе праграмы дапамогі Грузіі і абмяжуе ўзаемадзеяньне з грузінскім урадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вадамёты, атрады патруляваньня і званкі з пагрозамі. Як у Грузіі прайшла 11-я ноч пратэстаў. ФОТА