«Я катэгарычна ня згодны з адпраўкай ракет на сотні міляў углыб тэрыторыі Расеі. Навошта мы гэта робім? Мы проста абвастраем гэтую вайну і пагаршаем яе. Гэтага нельга было дапусьціць», — заявіў Дональд Трамп у інтэрвію часопісу Time, апублікаваным 12 сьнежня.
Пры гэтым Трамп не сказаў, ці адкліча ён у аднабаковым парадку дазвол Украіне на выкарыстаньне ATACMS на тэрыторыі Расеі пасьля свайго ўваходу ў Белы дом 20 студзеня.
Адказваючы на пытаньне пра тое, ці адмовіцца ён ад падтрымкі Ўкраіны, Трамп паабяцаў выкарыстоўваць амэрыканскую дапамогу Кіеву як рычаг ціску на Расею ў перамовах аб спыненьні агню. «Я хачу дасягнуць пагадненьня [аб спыненьні агню]», — заявіў палітык.
Каардынатар Белага дома ў камунікацыях у сфэры нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі не камэнтаваў словаў Трампа, сказаўшы толькі, што прэзыдэнт Джо Байдэн будзе працягваць падтрымліваць Украіну да заканчэньня ягоных паўнамоцтваў у наступным месяцы. Таксама Кірбі анансаваў новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіны, не назваўшы ягоны памер.
Пасьля больш чым году ваганьняў адміністрацыя Байдэна ў мінулым месяцы нарэшце дала Ўкраіне «зялёнае сьвятло» на нанясеньне ўдараў па ваенных аб’ектах на тэрыторыі Расеі з дапамогай амэрыканскіх тактычных ракетных комплексаў ATACMS. Магутныя высокадакладныя ракеты могуць паражаць цэлі на адлегласьці да 300 кілямэтраў. Адміністрацыя Байдэна патлумачыла рашэньне тым, што Расея абвастрыла канфлікт, разьмясьціўшы на фронце каля 11 тысяч паўночнакарэйскіх салдатаў.
Празь некалькі дзён пасьля таго, як Украіна запусьціла сваю першую ракету ATACMS па Расеі, Крэмль адказаў ударам па Ўкраіне новай балістычнай ракетай «Арэшнік», здольнай несьці ядзерную боегалоўку. Крэмль заявіў, што выкарыстаньне «Арэшніка» было пасланьнем Захаду.
Дональд Трамп і да, і пасьля абраньня прэзыдэнтам ЗША на выбарах у лістападзе неаднойчы заяўляў, што забясьпечыць мір ва Ўкраіне «на працягу 24 гадзін» пасьля вяртаньня ў Белы дом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША накіруюць новы пакет дапамогі Ўкраіне коштам амаль у мільярд даляраў