Ужо больш за 1 мільён чалавек загінулі або параненыя на вайне ва Ўкраіне, заявіў Марк Рутэ ў Брусэлі 12 сьнежня.
«Кожны тыдзень з кожнага з бакоў гінуць і атрымліваюць раненьні больш за 10 тысяч чалавек», — цытуе Рутэ агенцтва dpa.
Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу назваў падзеі ва Ўкраіне самым крывавым канфліктам у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.
Выступаючы ў Брусэлі, Рутэ заклікаў падрыхтавацца да магчымай вайны з Расеяй у сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Палітык падкрэсьліў, што цяпер «непасрэднай ваеннай пагрозы» з боку Расеі няма, аднак Масква, на ягоную думку, актыўна рыхтуецца да «доўгатэрміновай канфрантацыі з Украінай і з краінамі NATO».
«Мы не гатовыя да таго, што нас чакае наперадзе праз чатыры-пяць гадоў, — адзначыў ён. — Сытуацыя ва Ўкраіне сёньня можа паўтарыцца і ў нас».
Генсакратар NATO заклікаў саюзьнікаў «пачаць мысьліць у катэгорыях ваеннага часу» і перайсьці на «турбарэжым» у ваенных выдатках.
«Калі ўсе мы ня выдаткуем больш зараз, каб прадухіліць вайну, мы заплацім значна большую цану пазьней, каб ваяваць. Не мільярды, а трыльёны эўра. Гэта калі мы выйдзем пераможцамі, калі мы наогул пераможам», — цытуе Рутэ агенцтва AP.
- Дакладная колькасьць ахвяраў вайны ва Ўкраіне невядомая. Расея і Ўкраіна практычна не даюць агульнай інфармацыі пра свае страты ў вайне і прыводзяць непацьверджаныя зьвесткі пра страты праціўніка.
- Нядаўна прэзыдэнт Ўкраіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з пачатку канфлікту загінулі каля 43 тысяч салдат Узброеных сіл Украіны, 370 тысяч параненыя, але каля паловы зь іх вярнуліся ў строй.
- Брытанскі часопіс The Economist ацаніў страты Ўкраіны ў 60-100 тысяч забітымі. Журналісты BBC і «Медиазоны» пацьвердзілі гібель на фронце больш за 78 тысяч расейцаў.
- Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што ў часе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расея страціла сама меней 700 тысяч вайскоўцаў.