Беларускі адвакат набыў працу Марка Шагала і расказаў, што плянуе зь ёю рабіць

Ільля Салей з набытай з аўкцыёну працай Марка Шагала

Беларускі адвакат Ільля Салей, які ў 2020 годзе быў юрыстам штабу Бабарыкі і адвакатам Марыі Калесьнікавай, набыў адну з працаў Марка Шагала. Пра гэта ён расказаў блогу «Люди».

Цяпер Ільля Салей жыве паміж Лёнданам і Варшавай, працуе ў офісе Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця і ўваходзіць у каманду Віктара Бабарыкі.

Некалькі месяцаў таму ў навінах Ільля Салей заўважыў, што дом Christie’s у Парыжы арганізуе аўкцыён працаў Марка Шагала. Аўкцыён праходзіў онлайн гэтай восеньню. Ільля Салей кажа, што зарэгістраваўся на яго «зь цікавасьці», хацеў толькі паглядзець лоты, бо большая частка «каштавала для яго дорага». Але стаўку ў выніку ўсё ж зрабіў.

«У якасьці мэты абраў працу, якая падыходзіла мне па бюджэце і спадабалася візуальна. Густ у мяне ня вытанчаны — яна вялікая і яркая (сьмяецца). І гэта не алей, а літаграфія. Менавіта гэтая праца намаляваная на вокладцы кнігі пра літаграфіі Шагала Chagall Litographe II (1963)», — расказвае Ільля.

Праца Марка Шагала, якую набыў Ільля Салей

Ільля Салей кажа, што калі зрабіў першую стаўку, яе некалькі разоў перабілі, і ў той момант ён вырашыў: «Раз увязаўся, трэба даводзіць да канца». У выніку юрыст набыў лот. Колькі каштавала літаграфія, Ільля не называе. На сайце аўкцыённага дома напісана, што першапачатковая цана працы вар’іравала ад 900 да 1800 эўра, у выніку яе прадалі за 2394 эўра.

«Калі вырашаў, ці ўдзельнічаць у аўкцыёне, прыкладам для мяне быў Віктар Бабарыка. Вядома, мая пакупка непараўнальная з тым, што для беларускай культуры зрабіў Віктар Дзьмітрыевіч, але гэта ўсё ж мой невялікі ўнёсак і мой першы крок», — кажа Ільля Салей.

На пытаньне, што далей рабіць зь літаграфіяй, Ільля жартуе: «Пляную радавацца таму, што ўдалося вырваць яшчэ адзін арыгінал Шагала ў французаў».

«У мяне добрыя адносіны з апекунамі беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане. Ёсьць папярэдняя дамоўленасьць, што нейкі час літаграфія правядзе ў музэі пры бібліятэцы. Мне здаецца разумным, каб пакуль яна пагасьцявала ў самым беларускім месцы Лёндана, а магчыма, і ўсёй нашай эміграцыі», — дзеліцца плянамі юрыст.

Забраць адтуль літаграфію Ільля зможа ў любы момант. «Упэўнены, калі-небудзь гэтая праца ўбачыць Менск і Віцебск», — дадаў ён.

  • Дзякуючы Віктару Бабарыку ў Беларусь былі вернутыя многія творы мастакоў Парыскай школы родам зь Беларусі: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна, Пінхуса Крэменя, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча. Агулам калекцыя «Белгазпрамбанку» налічвае больш за 150 артэфактаў — карціны, скульптуры, кнігі. У 2020 годзе калекцыю арыштавалі ў рамках крымінальнай справы «Белгазпрамбанку». Мастацтвазнаўцы назвалі гэта «рэйдэрскім захопам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта рэйдэрскі захоп». Дзе цяпер мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» з карцінамі Шагала і Суціна