Аляксандар Лукашэнка прысвоіў ганаровае званьне «Народны паэт Беларусі» Ўладзімеру Карызну, які зьяўляецца аўтарам новых слоў да афіцыйнага дзяржаўнага гімну Беларусі.
Гэта першы выпадак, калі Лукашэнка прысвойвае ганаровае званьне «Народны паэт Беларусі».
Да гэтага званьнем «Народны паэт Беларусі» былі ўганараваныя Янка Купала (1925), Якуб Колас (1926), Пятрусь Броўка (1962), Аркадзь Куляшоў і Максім Танк (1968), Пімен Панчанка (1973) , Ніл Гілевіч (1991), Рыгор Барадулін (1992).
Уладзімер Карызна — аўтар мадыфікаванага тэксту гімну БССР аўтарства Міхася Клімковіча, які Лукашэнка ў 2002 годзе сваім указам зацьвердзіў у якасьці фактычнага дзяржаўнага гімну. Карызна перапрацаваў тэкст Клімковіча, прыбраўшы адтуль спасылкі на Леніна і камуністычную партыю.
Уладзімер Карызна нарадзіўся ў вёсцы Закружка Менскага раёну. Вучыўся на філялягічным факультэце БДУ, падчас навучаньня наведваў заняткі для самадзейных кампазытараў пры Саюзе кампазытараў БССР.
Пасьля заканчэньня выкладаў беларускую і расейскую мовы і літаратуру ў школе, пасьля працаваў рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё. З 1980-га па 1981 год быў рэдактарам аддзела навукі і мастацтва літаратурнага часопіса «Полымя», потым старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва «Юнацтва» (1981-2001), з 2002 году — намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца».
Першыя ягоныя вершы былі апублікаваныя ў 1956 годзе ў газэце «Чырвоная змена». Агулам ён выдаў больш за дзясятак зборнікаў паэзіі, а таксама кнігі для дзяцей. Таксама Карызна набыў вядомасьць як паэт-песеньнік: у 1960 року ў выкананьні Дзяржаўнага хору БССР пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча ўпершыню прагучала ягоная песьня «Беларусь мая сінявокая». Больш за дзьве сотні ягоных вершаў пакладзеныя на музыку беларускімі кампазытарамі.
Раней Карызна атрымаў званьне ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі (1996), ордэн Францішка Скарыны (2002), званьне Заслужаны дзяяч культуры Рэспублікі Беларусі (2008).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскай школе імя праўладнага пісьменьніка Чаргінца адкрылі музэй, прысьвечаны Чаргінцу. Пры ягоным жыцьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не разумела, навошта я жывая, калі столькі сьмерцяў вакол». Украінская паэтка з Бучы пра вайну, творчасьць і стаўленьне да Беларусі