Гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем можа ўдарыць па абараназдольнасьці Ўкраіны

Ілюстрацыйнае фота

Кітайскія вытворцы апошнім часам пачалі абмяжоўваць продажы ў ЗША і Эўразьвяз ключавых кампанэнтаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу бесьпілётных лятальных апаратаў, паведамляе агенцтва Bloomberg і шэраг іншых заходніх СМІ.

Экспэрты кажуць, што гэта можа адмоўна паўплываць на здольнасьць Украіны абараняцца ад расейскага нападу. Паводле некаторых ацэнак, Кітай кантралюе каля 90 працэнтаў амэрыканскага і каля 80 працэнтаў сусьветнага рынку дронаў. Украіна выкарыстоўвае дроны для выведкі, удараў па расейскіх войсках і абароны ад расейскіх удараў.

Абмежаваньні з боку Пэкіну разглядаюць як адказ на рашэньне Вашынгтону ў гэтым месяцы абмежаваць пастаўкі ў Кітай мікрасхемаў з высокай прапускной здольнасьцю і дадатковага паўправадніковага абсталяваньня. Пэкін, у сваю чаргу, ужо забараніў продаж у ЗША тавараў падвойнага выкарыстаньня для амэрыканскіх войскаў і некаторых матэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў высокатэхналягічнай вытворчасьці і ў ваенных мэтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Як дроны мяняюць вайну. Шлях да «робатаў-забойцаў»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў аб колькасьці загінулых украінцаў на вайне з Расеяй, у ЗША ацанілі расейскія страты