Ці існавала старажытнаруская мова і старажытнарускі народ? Пра гэта і пра іншае мы гаворым з доктарам гістарычных навук, супрацоўнікам Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Аляксандрам Грушам.
0:00 — ці існавалі старажытнаруская мова і старажытнарускі народ
6:38 — адкуль у ВКЛ узялася «Русь»
7:53 — хто даказаў існаваньне старажытнарускай мовы
10:00 — пра што сьведчаць надпісы-графіці на храмах Полацку і Кіева
13:03 — якая ідэнтычнасьць была ў жыхароў Беларусі ў XIV–XV стагодзьдзях
21:33 — калі назва «Белая Русь» прыйшла на тэрыторыю сучаснай Беларусі
23:42 — ці існаваў тады палітонім «літвіны»
26:08 — як беларусам пісаць сваю гісторыю, улічваючы неадназначнасьць тэрмінаў «русін», «літвін» і іншых
30:34 — чаму «руская» мова дамінавала ў ВКЛ
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Аляксандрам Грушам:
— Якая ідэнтычнасьць была дамінуючай у жыхароў Беларусі ў XV стагодзьдзі? Мне трапляліся вашы тэксты пра полацкія дакумэнты XIV–XV стагодзьдзяў. Як палачане сябе называлі?
— Пачну са спэцыфікі гэтай ідэнтычнасьці, бо яна абсалютна не супадала з сучаснай ідэнтычнасьцю. Там былі асаблівасьці, якія абавязкова трэба было ўлічваць. Першая асаблівасьць у тым, што ідэнтычнасьць грунтавалася на спадчыннасьці і пераемнасьці. Гэты прынцып пераважаў, бо рэалізаваць сябе індывід і грамадзтва маглі толькі на той спадчыне, якую атрымлівалі ад продкаў. Гэта зямля, іншая маёмасьць, сацыяльны статус, род заняткаў, дачыненьні з уладай, павіннасьці або плацяжы, якія плаціла гэтае насельніцтва. Ідэнтычнасьць не выбіралі, яна даставалася ад продкаў.
Наступная асаблівасьць — гэта тое, што спадчына, якую атрымлівалі ад бацькоў, дзядоў, ад продкаў, была вельмі цесна зьвязаная паміж сабой. Літвін, русін, паляк (лях, як іх яшчэ называлі да рубяжа XV–XVI стагодзьдзяў) былі такімі ня толькі па мове і па веры, але яшчэ і таму, што належалі да таго або іншага права. Крыніцы падзяляюць «літоўскае», «рускае» і «польскае» права.
І яшчэ адна вельмі важная асаблівасьць — гэта разнастайнасьць ідэнтычнасьцяў. Бо ідэнтычнасьць магла быць паводле падданства, бо тады яшчэ не было паняцьцяў грамадзяніна ці абываталя. Калі браць Вялікае Княства Літоўскае XV–XVI стагодзьдзяў, то насельніцтва гэтага княства — гэта ў першую чаргу падданыя манарха, кіраўніка.
Таксама былі ідэнтычнасьці паводле сацыяльнага статусу, па рэгіёне, па веры, па нябесным апекуне. У Полацку гэта быў «сьвяты Сафій» (палачане казалі пра сьвятую Сафію ў мужчынскім родзе).
Нарэшце, гэта ідэнтычнасьць паводле памяці, паводле паходжаньня.
І вось у тых або іншых сытуацыях гэтая ідэнтычнасьць выстройваліся ў розныя герархіі. Калі мова ішла адносна міжнароднай арэны, то галоўнай ідэнтычнасьцю была ідэнтычнасьць па падданстве.
Вельмі важнаю была ідэнтычнасьць паводле сацыяльнага статусу. Калі ты князь, пан, баярын — то ў цябе былі пэўныя прэфэрэнцыі перад людзьмі ніжэйшага паходжаньня (ня важна, літвінамі ці русінамі). Русін — баярын ці пан — мог атрымаць ад вялікага князя ў валоданьне землі з русінамі або літвінамі незалежна ад таго, да якой этнакультурнай групы належыць гэтае насельніцтва.
Вось вы пыталіся пра палачан. Яны вызначалі сябе галоўным чынам паводле рэгіянальнай ідэнтычнасьці. Незалежна ад таго, русін, літвін ці лях... А, дарэчы, супольнасьць палачан і віцяблян складалі прадстаўнікі розных этнакультурных груп, у тым ліку літвіны і ляхі (палякі). Але тут важнаю была менавіта рэгіянальная прыналежнасьць. Калі ты (той, другі або трэці) як палачанін маеш нейкія прэфэрэнцыі — то гэта азначае, што ты падпарадкоўваесься мясцоваму полацкаму праву.
Існавала полацкае права. Дасьледчыкі таксама пішуць пра існаваньне віцебскага права. Дарэчы, палачане вельмі рана адчулі сваё адзінства ў сукупнасьці ўсіх сацыяльных слаёў і груп.
Захавалася вельмі шмат крыніц, у прыватнасьці карэспандэнцыя палачан з рыжанамі, з магістрам Лівонскага ордэну. Там яны вызначаюць сябе так: «мужы палачане», «все мужы палачане», «все мужы палачане ад мала да веліка», «все мужы палачане вялікія і малыя людзі» або, напрыклад, у духу Скарыны, «баяры і месьцічы, всё паспольства полацкага места» або «паспольства Полацкай зямлі». Пачуцьцё такой зьнітаванай супольнасьці ў палачан існавала.
Такая ідэнтычнасьць у складзе Вялікага Княства Літоўскага прэвалявала. І гэтак было таму, што яны падпарадкоўваліся свайму рэгіянальнаму праву. Гэта было вельмі важна для чалавека таго часу [...]
— Калі назва «Белая Русь» прыйшла на тэрыторыю сучаснай Беларусі? Нашы камэнтатары ў Youtube, напрыклад, кажуць, што ў XVII стагодзьдзі з Маскоўскага княства.
— Я маю некаторыя назіраньні. Паводле іх, унутры, у межах Вялікага Княства Літоўскага самі жыхары так свае землі часьцей за ўсё не называлі. Як правіла, гэтую назву выкарыстоўвалі іншаземцы, паколькі гэтае вызначэньне сустракаецца ў замежных крыніцах.
Я актыўна працую з актавымі крыніцамі да сярэдзіны XVI стагодзьдзя. І вось там ніводнага намёку на Белую ці Чорную Русь няма. Хутчэй за ўсё, гэта погляд збоку. І гэты погляд збоку мала што вызначаў у ідэнтыфікацыі падданых Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасьці тых жа русінаў [...].
— На форуме нашага Youtube-каналу вядуцца бясконцыя дыскусіі паміж прыхільнікамі так званага заходнерусізму і ліцьвінізму. Дзіды ломяцца вакол назваў «русін» і «літвін». Для адных «руская» мова Статутаў і Мэтрыкі — гэта бясспрэчны доказ «русского» (з двума «с») характару ВКЛ, іншыя даводзяць, што ўсе беларусы раней называліся літвінамі і сучасныя літоўцы да стварэньня ВКЛ ня маюць дачыненьня, яны нібыта «жмудзіны» і далучыліся да ВКЛ значна пазьней. Дзе тут, у гэтай гісторыі знайсьці месца беларусам, як пісаць сваю гісторыю?
— Я ўжо некалькі разоў тут казаў, што ідэнтычнасьць вызначалася ня толькі па мове ці па веры.
Сытуацыя з «рускай» мовай, з «Русьсю» на мяжы XV–XVI стагодзьдзяў — гэта зусім ня тая сытуацыя, пра якую пісаў Мацей Бурачок (Францішак Багушэвіч), калі заклікаў не пакідаць мовы нашай беларускай.
Ёсьць летапіснае паведамленьне (на яго, дарэчы, дасьледчыкі мала зьвяртаюць увагі), якое з пункту гледжаньня вывучэньня ідэнтычнасьці мае ў сабе вельмі і вельмі каштоўны матэрыял. Там апісваецца віленскі Сойм 1528 году, у прыватнасьці рассадка прадстаўнікоў Паноў-рад (гэта найвышэйшы палітычны орган у Вялікім Княстве Літоўскім пасьля вялікага князя). А рассадка каля манарха мела вельмі важнае сымбалічнае значэньне. Дык вось па правую руку ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога (а гэта самае ганаровае месца) сядзелі Юры Сямёнавіч Алелькавіч (праваслаўны), князь Міхаіл Жэслаўскі (праваслаўны), Фёдар Міхайлавіч Чартарыйскі (праваслаўны) і Андрэй Сангушкавіч (праваслаўны). Такім чынам, праваслаўныя сядзяць на самым ганаровым месцы адносна вялікага князя разам з каталіцкімі біскупамі, якія ў сьпісах Паноў-рад заўсёды займалі самае першае месца.
Гэта былі праваслаўныя далёка ня ў першым пакаленьні. Што аб’ядноўвае іх, праваслаўных, зь вялікім князем — католікам? Яны паходзяць ад Гедзіміна. Гэта значыць, што нягледзячы на тое, што яны зьмянілі веру, прычым даўно, яўна карысталіся ў сваім паўсядзённым жыцьці «рускай» мовай, тым ня менш яны памяталі пра сваё паходжаньне. Таму яшчэ раз акцэнтую ўвагу на гэтым факце: памяць аб паходжаньні — яна нікуды ня зьнікла.
Што тычыцца мовы, то для вялікага князя і эліты, якая яго атачала, мова была хутчэй зброяй улады і інструмэнтам камунікацыі. Нейкага большага значэньня, напрыклад сымбалічнага, ёй не надавалася. Гэта быў толькі сродак камунікацыі.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
ХХХ