Dissidentby паведаміў аб трагічнай сьмерці жанчыны, якую некалькі разоў судзілі за «экстрэмізм»

Сьвятлана Круцікава, архіўнае фота

Пра сьмерць Сьвятланы Круцікавай зь Пінскага раёну паведамілі дзьве незалежныя крыніцы.

Праваабарончы праект Dissidentby напісаў, што Сьвятлана Круцікава зь Пінскага раёну нібыта ўчыніла суіцыд. Арганізацыя пры гэтым паведаміла, што жанчына некалькі разоў была асуджаная паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, яе каралі адміністрацыйным арыштам. Апошні суд над ёю адбыўся 6 лістапада ў Пінску за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Другая, незалежная ад Dissidentby крыніца пацьвердзіла Свабодзе інфармацыю пра сьмерць жанчыны.

Як піша Media-polesye.com, Сьвятлана Круцікава брала ўдзел у пінскім мітынгу супраць фальсыфікацый вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

У сьледчых органах, МУС і пракуратуры Берасьцейскай вобласьці і Беларусі ніякай інфармацыі пра гэта пакуль няма.

Як піша «Наша ніва», Сьвятлане было 60 гадоў. У яе сацыяльных сетках пазначана, што ў 1987 годзе яна скончыла Пінскі пэдагагічны каледж. Да гэтага вучылася ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.