Камісаранку вінавацяць у «распальваньні варожасьці», «паклёпе» на Лукашэнку і яго «абразе».
Імя 39-гадовага коміка Славы Камісаранкі зьявілася ў раскладзе судоў.
Яго абвінавачваюць у «паклёпе на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразе прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Гумарысту пагражае да 5 гадоў калоніі завочна і буйны штраф, піша «Наша ніва».
Суд адбудзецца 24 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе. Судзіць Камісаранку будзе Настасься Папко.
Супраць Славы Камісаранкі распачалі спэцыяльнае вядзеньне.
- Слава Камісаранка — вядомы стэндап-комік, нарадзіўся ў Беларусі. Штогод даваў канцэрты ў розных гарадах Беларусі.
- Пасьля выбараў 2020 году Камісаранка неаднаразова выказваўся пра фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і асуджаў гвалт з боку сілавікоў.
- Таксама пасьля выбараў ён стаў часта жартаваць пра Лукашэнку ў сваіх стэндапах.
- Камісаранка лічыцца галоўным папулярызатарам мэму «Чык-чырык» пра Лукашэнку.
- Аднойчы, падчас размовы з комікам Русланам Белым, яны пажартавалі, што Лукашэнка — адзіны прэзыдэнт, які ня можа паляцець у адпачынак, бо яго не пускаюць шмат у якія краіны. «Аляксандра Рыгоравіча не пусьцілі на самалёт, а ён адказаў: «Ах, тады сам палячу! Чык-чырык», — пажартаваў тады Камісаранка.
- На пачатку 2021 году Камісаранку забаранілі выступаць у Менску, ануляваўшы гастрольныя пасьведчаньні.
- У студзені 2022 году Слава Камісаранка расказаў, што КДБ Беларусі абвясьціла яго ў вышук. Паводле яго, беларускія сілавікі яму «тэлефанавалі і пісалі SMS», але ён на той момант ужо зьехаў у Кіеў. Таксама ён расказаў, што супрацоўнікі КДБ шукалі ягоных бацькоў.