Хроніка перасьледу 11 сьнежня: у Берасьці за пратэсты судзяць ужо пятнаццатую групу людзей

Суд у Берасьці, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Пэнсіянэрку Ганну Стражэвіч асудзілі да 4 гадоў калёніі

Судовы працэс над палітзняволенай Ганнай Стражэвіч у закрытым рэжыме пачаўся 14 лістапада ў судзе Менскага раёна, піша «Вясна». Судзьдзя Вікторыя Паляшчук на пачатку сьнежня агучыла жанчыне прысуд — 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф памерам 550 базавых велічыняў (22 тысяч рублёў). Ганну абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

59-гадовую Ганну Стражэвіч затрымалі 18 сьнежня 2023 году. Крымінальная справа супраць яе распачалі за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК), «абразу міліцыянта» (арт. 369 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367), удзел у пратэстах (арт 342 КК) і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).

Суд быў закрытым, таму падрабязнасьці абвінавачваньня невядомыя. Меркавана, судзілі яе ў тым ліку за салідарнасьць з палітвязьнямі. Вядома, што Ганна актыўна пісала ім лісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 сьнежня: лесьніка са Сьвіслачы судзяць за камэнтары паводле 6 крымінальных артыкулаў

У Берасьці пачынаюць судзіць ужо пятнаццатую групу людзей за «грубае парушэньне парадку»

Судзьдзя Дзмітры Шурын 11 сьнежня пачаў разглядаць крымінальную справу супраць 5 людзей: Аляксандра Трайніча, Ільлі Каратышэўскага, Вікторыі Васілеўскай, Дзьмітрыя Андрасюка, Уладзімера Нагача.

Праваабаронцы паведамляюць, што ўсіх фігурантаў вінавацяць ва ўдзеле ў пратэсьце 10 жніўня 2020 гаду ў Берасьці.

Трайніча сёлета асудзілі па палітычнай справе ўласнага бацькі (за «публічную абразу Лукашэнкі», суд праходзіў у жніўні 2024 году).

Зьміцер Андрасюк — вядомы ў Берасьці актывіст, удзельнічаў у пратэстах супраць акумулятарнага завода. З 2020 года ўжо быў палітвязнем, цалкам адбыў той тэрмін (3 месяцы арышту). Гэта яго другая палітычная крымінальная справа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 сьнежня: гарадзенца асудзілі на 4 гады калёніі за камэнтары і ўдзел у пратэстах