У КДБ заявілі, што адмаўляюцца мяняць затрыманых у Беларусі замежнікаў на беларусаў, затрыманых за мяжой

Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта заявілі на дзяржаўнай тэлевізіі, паказаўшы новы фільм пра шпіёнаў.

Начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак заявіў, што ў беларускіх турмах знаходзіцца вялікая колькасьць замежнікаў, асуджаных па артыкулах аб шпіянажы і агентурнай дзейнасьці. Дакладнай колькасьці ён не назваў, адзначыўшы толькі, што сярод затрыманых ёсьць грамадзяне балтыйскіх дзяржаў і Польшчы.

Ён заявіў, што зь беларускім КДБ нібыта зьвязваюцца спэцслужбы замежных дзяржаў і прапаноўваюць на абмен «наркаманаў, забойцаў і іншых».

Бычак падкрэсьліў, што Беларусь не плянуе нікога абменьваць і заявіў, што за мяжой няма беларусаў, асуджаных за супрацоўніцтва з КДБ.

«У сувязі з гэтым, афіцыйная пазыцыя камітэту — мы нікога не мяняем. Ні ў Польшчы, ні ў краінах Балтыі, ні ў іншых краінах Захаду», — заявіў Бычак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Траціна крымінальных спраў, якімі займаўся КДБ Беларусі летась, — палітычна матываваныя

Акрамя таго, прапагандысты выпусьцілі чарговы «шпіёнскі» фільм, у якім расказалі пра тое, што польскія дыпляматы Марцін Грабовіч і Павал Новак нібыта спрабавалі схіліць беларускага дыплямата з пасольства Беларусі ў Малдове. Грабовіч прапаноўваў яму за супрацоўніцтва 100 тысяч эўра.

Грабовіч нібыта паклікаў беларуса да сябе ў нумар недзе ў Кішынёве і прапанаваў яму супрацоўнічаць з Польшчай за ўзнагароду, але той адмовіўся, запісаў іх размову і нават зьняў частку сустрэчы на відэа.

Прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз адзначыў, што Беларусь ужо рыхтуе ноту з гэтай нагоды, абяцаюць і іншыя рэакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўжо 19 іншаземцаў асудзілі за «агентурную дзейнасьць». Хто гэтыя людзі?