10 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў новы закон, які ўносіць комплексныя зьмены ў Кодэкс аб адукацыі, паведамляе ягоная прэс-служба.
18 лістапада праект закону «Аб зьмене кодэксаў у пытаньнях адукацыі» ўхваліў Савет Рэспублікі, раней гэтыя зьмены прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Сярод новаўвядзеньняў, пералічаных у паведамленьні:
- Пашырэньне паўнамоцтваў ураду і мясцовых органаў. Так, урад надзялілі паўнамоцтвамі пераразьмяркоўваць і перанакіроўваць на працу маладых спэцыялістаў, а таксама даваць ім дадатковыя сацыяльныя гарантыі.
- Мясцовыя органы ўлады будуць мець права арганізоўваць бясплатную перавозку навучэнцаў у межах буйных населеных пунктаў, калі ўстановы адукацыі знаходзяцца далёка ад іх. Таксама мясцовыя органы могуць арганізоўваць давоз навучэнцаў на спартовыя, адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы. Сёньня такі падвоз існуе толькі ў вёсках.
- У старшаклясьнікаў школаў, разьмешчаных у мястэчках і на вёсцы, будзе магчымасьць засвоіць праграму падрыхтоўкі кіроўцаў мэханічных транспартных сродкаў (гэта аўтамабілі) і самаходных машын (гэта, напрыклад, трактары).
- Іншаземцам далі права на атрыманьне грантаў на падрыхтоўку да паступленьня ў беларускія ўстановы адукацыі (паводле праекту закону, новаўвядзеньне закране моладзь з краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі).
- Дакумэнтам замацавана патрабаваньне да навучэнцаў школ прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзеньні.
- У лік пэдагагічных работнікаў уключылі прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў — «у мэтах павышэньня іх статусу».
- Дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў уключылі ў пералік дзяцей, якія маюць пераважнае права пры прыёме ў санаторныя школы-інтэрнаты.
«Законам прадугледжаныя таксама іншыя нормы, якія карэктуюць дзяржаўную палітыку ў сфэры адукацыі з улікам тэндэнцыяў разьвіцьця сучаснай адукацыйнай прасторы і практыкі прымяненьня дзейнага кодэксу», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.
Сярод зьменаў, прапанаваных у законапраекце, якія раней пералічвала Палата прадстаўнікоў, былі таксама наступныя:
- Маладому спэцыялісту, якога звольнілі ў сувязі з прызывам у войска, але не накіравалі на службу, гарантуюць ягоную ранейшую пасаду на працы.
- Калі нейкая арганізацыя накіравала чалавека вучыцца па мэтавым запыце, а пасьля скасавала дамову з маладым спэцыялістам ці ня выканала яе ўмовы, то яе абавяжуць вярнуць дзяржаве сродкі, затрачаныя на навучаньне.
- Індывідуальныя прадпрымальнікі больш ня змогуць рэалізоўваць праграмы дашкольнай і спэцыяльнай адукацыі. Гэта значыць, ІП ня будуць адкрываць прыватныя ўстановы для дзяцей дашкольнага ўзросту і займацца адукацыяй дзяцей з псыхафізычнымі асаблівасьцямі. Гэтая мера закране малакамплектныя дзіцячыя садкі. Улетку гэтага году беларускія ўлады не працягнулі ліцэнзіі большасьці прыватных дзіцячых садкоў.
- Атрымліваць прэзыдэнцкую стыпэндыю можна будзе і тады, калі вучысься на платным аддзяленьні.
- Акрамя гэтага, новы дакумэнт уводзіць новы від сацыяльна-пэдагагічнай установы — дзіцячы дом пры манастыры.
У паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі сьцьвярджаецца, што зьмены накіраваныя на «павышэньне эфэктыўнасьці, якасьці і даступнасьці адукацыі, пашырэньне дзяржаўнай абароны навучэнцаў, маладых спэцыялістаў і сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей і моладзі, а таксама на ўзмацненьне адказнасьці суб’ектаў адукацыйных адносінаў».
- Асноўныя палажэньні абноўленага Кодэксу аб адукацыі пачалі дзейнічаць зь 1 верасьня 2022 году. Сярод уведзеных тады новаўвядзеньняў былі абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (11 гадоў) замест агульнай базавай (9 гадоў). Новы кодэкс даў магчымасьць падлеткам, якія знаходзяцца ў СІЗА, працягваць навучаньне.