У Беларусі забаранілі пастаўкі і продаж грэчкі вытворцы з Алтайскага краю, бо яна занадта доўга варыцца, вынікае са зьвестак у рэестры небясьпечнай прадукцыі Дзяржстандарту рэспублікі.
Грэцкія крупы алтайскага вытворцы ТАА «Вега-інжынірынг» з 11 сьнежня трапілі пад забарону ўвозу ў Беларусь і продажу ў краіне.
Экспэрты ўстанавілі ў выпрабаваньнях, што паказчык разварвальнасьці забароненай да продажу грэчкі склаў 29 хвілінаў пры норме ня больш за 25 хвілінаў, з чаго вынікае, што прадукцыі, якая трапіла пад забарону, «надалі зьнешні выгляд і асобныя ўласьцівасьці, але пры гэтым яна ня можа быць ідэнтыфікаваная як прадукцыя, за якую выдаецца», патлумачылі ў Дзяржстандарце.
У сувязі з гэтым ведамства пастанавіла, што грэчка з Алтаю не адпавядае патрабаваньням трох тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу па бясьпецы і маркіроўцы ў частцы падаваньня дакладнай інфармацыі пра найменьне прадукту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год бульба ў Беларусі падаражэла на 62%. Наколькі вырасьлі ў цане іншыя прадукты харчаваньня