Дрэннае надвор'е ўздымае цэны на каву да рэкордных вышыняў

Кава. Ілюстрацыйнае фота

Аматары кавы могуць неўзабаве заўважыць павышэньне цэнаў на свой улюбёны ранішні напой, бо цана кавы на сусьветных рынках дасягнула рэкорднага ўзроўню, паведамляе BBC.

Станам на 10 сьнежня цана на гатунак кавы арабіка, які складае асноўную частку сусьветнай вытворчасьці кавы, перавысіла 3,44 даляра за фунт (0,45 кг), павялічыўшыся сёлета больш як на 80%.

Гэта адбываецца на фоне чаканьняў зьніжэньня ўраджаю, бо ў дзьвюх найбуйнейшых краінах-вытворцах, Бразыліі і Віетнаме, выдалася дрэннае надвор’е, а папулярнасьць кавы працягвае расьці.

Адзін з экспэртаў паведаміў BBC, што брэнды кавы разглядаюць магчымасьць павышэньня цэнаў у наступным годзе.

У апошнія гады буйныя вытворцы пражанай кавы маглі кампэнсаваць рост цэнаў, каб захаваць кліентаў і долю рынку, але цяпер сытуацыя, падобна, мяняецца, кажа Він Нгуен, генэральны дырэктар Tuan Loc Commodities.

«Такія брэнды, як JDE Peet (уладальнік брэнду Douwe Egberts), Nestlé і іншыя, раней бралі на сябе ўдары ад росту цэнаў на сыравіну. Але цяпер яны амаль на мяжы. Многія зь іх абдумваюць павышэньне цэнаў у супэрмаркетах у першым квартале 2025 году», — кажа ён.

На мерапрыемстве для інвэстараў у лістападзе топ-мэнэджар Nestlé сказаў, што індустрыя кавы сутыкаецца зь «цяжкімі часамі», і прызнаў, што кампаніі давядзецца карэктаваць цэны і памеры ўпаковак.

«Мы не абароненыя ад ваганьняў цэнаў на каву, зусім не», — сказаў Дэвід Рэні, адказны за брэнды кавы ў Nestlé.

Засуха і праліўныя дажджы

Апошні рэкордны ўзровень цэнаў на каву быў усталяваны ў 1977 годзе, пасьля таго як незвычайны сьнегапад зьнішчыў плянтацыі ў Бразыліі.

«Асноўная прычына — асьцярогі наконт ураджаю 2025 году ў Бразыліі, — кажа Оле Хансэн, кіраўнік аддзелу стратэгіяў на сыравінных рынках Saxo Bank. — Краіна сутыкнулася з найгоршай засухай за апошнія 70 гадоў у жніўні і верасьні, за якой надышлі моцныя дажджы ў кастрычніку. Усё гэта выклікала асьцярогі, што культуры, якія цяпер у росквіце, могуць загінуць».

Ня толькі бразыльскія плянтацыі, якія ў асноўным вырабляюць арабіку, пацярпелі ад дрэннага надвор’я. Запасы кавы гатунку рабуста таксама могуць скараціцца, бо плянтацыі ў Віетнаме, найбуйнейшым вытворцу рабусты, таксама сутыкнуліся з засухай і праліўнымі дажджамі.

Кава — другі ў сьвеце тавар паводле аб'ёму продажаў пасьля нафты, і яе папулярнасьць расьце. Напрыклад, у Кітаі спажываньне кавы за апошняе дзесяцігодзьдзе больш як падвоілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды кава без кафэіну выклікае рак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 высноваў пра здаровае харчаваньне паводле амэрыканскіх дыетолягаў