Дзень правоў чалавека нагадвае, што правы на свабоднае выказваньне думкі і на доступ да інфармацыі «не зьяўляюцца нечым апцыянальным, гэта фундамэнтальныя правы», гаворыцца ў сумеснай заяве акрэдытаваных у Беларусі дыпляматычных місій заходніх краін.
«У Беларусі гэтыя правы сыстэматычна зьневажаюцца, — гаворыцца ў дакумэнце. — Людзей несправядліва арыштоўваюць, прымушаюць маўчаць, ізалююць толькі за тое, што яны гавораць і распаўсюджваюць праўду. Мы выступаем за абарону і ўмацаваньне правоў чалавека як у сваіх краінах, так і па ўсім сьвеце».
Заяву падпісалі дыпмісіі Аўстрыі, Баўгарыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Ірляндыі, Латвіі, Літвы, Нідэрляндаў, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі, ЗША, Чэхіі і Швэцыі.
Дзень правоў чалавека штогод адзначаецца ва ўсім сьвеце 10 сьнежня. Ён прымеркаваны да даты прыняцьця Генэральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека (Парыж, 1948 год). У гэтым дакумэнце абвешчаныя неад’емныя правы, уласьцівыя кожнаму чалавеку незалежна ад яго расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананьняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжаньня, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча.
Дэклярацыю перакладаюць часьцей, чым любы іншы дакумэнт у сьвеце: яе тэкст існуе на 577 мовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы ўжо самі забываемся аб правах чалавека. Блог Насты Захарэвіч