Адпаведная інфармацыя зьявілася ў пераліку «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на сайце МУС Беларусі, заўважыла «Медиазона».
Праграму Belarus ID, распрацаваную Паўлам Ліберам, сёлета выкарыстоўвалі для вэрыфікацыі пры галасаваньні на выбарах у Каардынацыйную раду.
КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» мабільную праграму «Беларусь ID», даступную для спампоўваньня ў Google Play, а таксама «іншыя рэсурсы ў сетцы Інтэрнэт, афіліяваныя з дадзенай плятформай». Што гэта за рэсурсы, КДБ не паведамляе. КДБ піша, што да праграмы маюць дачыненьне Павал Лібер, які ўжо трэці раз трапляе ў пералік датычных да «экстрэмісцкіх фармаваньняў», і Міхаіл Ананьін.
Таксама КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» сайт «Письмо.бел», празь які можна было даслаць лісты зьняволеным. 9 сьнежня стала вядома, што сайт перастаў адкрывацца. Датычнымі да працы сэрвісу КДБ называе Аляксандра Мазура, Сяргея Антусевіча, Паўла Каранюхіна, Аляксандра Лыкшына.
«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны і горадзенскі навінавы сайт s13.ru. КДБ піша, што да сайта маюць дачыненьне галоўны рэдактар Сяргей Чабоцька і Раман Алешка. У сьпіс таксама ўнесеныя сацыяльныя сеткі сайта.
Як стала вядома Hrodna.life, Сяргей Чабоцька ня выйшаў на волю пасьля трэціх «сутак» арышту, якія скончыліся 7 сьнежня.
Яшчэ адно «экстрэмісцкае фармаваньне» — «Гарадзкі агарод Марыс Мар». КДБ адзначае, што фармаваньне «ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць у супрацоўніцтве зь іншымі экстрэмісцкімі фармаваньнямі (БНМС „РАДА“, „АБФ“, „Суседзі“)». У сувязі з фармаваньнем згаданыя Яна Цару, Марыя Батальёнак і Анастасія Марозава. Рашэньне аб прызнаньні ініцыятывы «экстрэмісцкім фармаваньнем» было прынятае КДБ 5 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася праграма галасаваньня для выбараў у Каардынацыйную раду. Пакуль толькі для беларусаў замежжа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі перастаў працаваць сэрвіс рассылкі лістоў палітвязьням «Письмо.бел» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Гомлі затрымалі сама меней 10 чалавек, уладальніка навінавага сайта s13 асудзілі трэці раз