У Беларусі перастаў працаваць сэрвіс дасыланьня лістоў у месцы зьняволеньня «Письмо.бел», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Плятформа перастала адкрывацца ў Беларусі і па-за яе межамі, адзначаюць праваабаронцы. Зь яе дапамогай можна было дасылаць лісты вязьням, «не адыходзячы ад кампутара ці тэлефона».
12 лістапада суд Партызанскага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт ініцыятывы «Письмо.бел», а таксама яе старонкі ў сацсетках.
Заснавальнікаў «Письмо.бел» Ігара Угліка і Аляксандра Лыкшына затрымалі ў сьнежні 2023 году, праваабарончая супольнасьць прызнала іх палітвязьнямі. Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», абодвум пасьля прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Як расказвала раней «Люстэрку» знаёмая з сытуацыяй крыніца, «Письмо.бел» — афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя, якая мела дамову з РУП «Белпошта». Толькі каля 10% адпраўленьняў, якія праходзілі праз сэрвіс «Письмо.бел», былі адрасаваныя палітвязьням, асноўныя атрымальнікі — звычайныя вязьні.
У верасьні 2022 году спыніла дзейнасьць ініцыятыва перасыланьня лістоў палітвязьням «Письма в клеточку» («Лісты ў клетачку»).
Адправіць ліст ці паштоўку зьняволеным цяпер можна толькі праз сэрвіс «Майстэрня паштовак салідарнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе INeedHelpBY судзяць Тацяну Сьцепу, якая пісала лісты палітвязьням