Глябальная тэмпэратура за бягучы год ужо перавышае паказчыкі мінулага году. Гэта робіць практычна непазьбежным устанаўленьне новага гадавога рэкорду, піша AP з спасылкай на справаздачу Эўрапейскай кліматычнай службы Copernicus.
Сярэдняя тэмпэратура ў лістападзе склала 14,10°C, і за ўвесь год яна на 0,14°C вышэйшая за аналягічны пэрыяд мінулага году. Упершыню сярэдняя тэмпэратура за каляндарны год можа перавысіць 1,5°C адносна папярэдняга максымальнага ўзроўню.
Парыскае пагадненьне 2015 году прадугледжвала абмежаваньне пацяпленьня на ўзроўні 2°C, а лепш — ніжэй за 1,5°C, каб пазьбегнуць сур’ёзных наступстваў зьменаў клімату, такіх як пачашчэньне экстрэмальных зьяў надвор’я. Навукоўцы лічаць, што асноўная прычына зьмены клімату — спальваньне выкапнёвага паліва, такога як вугаль, нафта і прыродны газ.
Намесьнік дырэктара Copernicus Саманта Бэрджэс адзначыла, што гэта не азначае парушэньня Парыскага пагадненьня, але падкрэсьлівае неабходнасьць тэрміновых кліматычных дзеяньняў.
Хуткае пацяпленьне пагражае многім відам, якія не пасьпяваюць адаптавацца. Гэта парушае натуральныя харчовыя ланцужкі, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы, пагражае зьніжэньнем колькасьці апыляльнікаў і распаўсюджваньнем шкоднікаў. Таксама паднімаецца ўзровень мора, што робіць прыбярэжныя раёны больш уразьлівымі, падкрэсьліваюць навукоўцы.
Джэніфэр Фрэнсіс, кліматоляг з Цэнтру кліматычных дасьледаваньняў Woodwell, якая ня брала ўдзелу ў стварэньні справаздачы, падкрэсьліла, што галоўнае ў лістападаўскіх дадзеных — гэта тое, што, як і ў 2023 годзе, тэмпэратура сёлетняга лістапада перасягнула паказчыкі ўсіх папярэдніх лістападаў зь вялікім адрывам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскае касьмічнае агенцтва запусьціла спадарожнікі для стварэньня штучных сонечных зацьменьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дубаі пачынаецца канфэрэнцыя ААН, прысьвечаная зьменам клімату. Чаго ад яе чакаюць у Беларусі і сьвеце