Суд над 44-гадовым лесьніком са Сьвіслачы Вітольдам Шалкевічам пачаўся 9 сьнежня ў Горадзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе» Лукашэнкі (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 КК), «абразе судзьдзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК). Яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
Справу палітвязьня разглядае судзьдзя Руслан Гурын.
Вітольд Шалкевіч родам зь мястэчка Поразава Сьвіслацкага раёну. У Вітольда ёсьць жонка і дзьве непаўналетнія дачкі.
Яго затрымалі ў жніўні 2023 году проста на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Пасьля сілавікі зьнялі зь ім «пакаяльнае» відэа і перавялі зь СІЗА. Па зьвестках праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч камэнтароў у розных чатах, піша «Наша ніва».
Судзяць палітзьняволеную маці траіх непаўналетніх дзяцей
Справу 45-гадовай Вікторыі Дамастой пачынаюць разглядаць 9 сьнежня ў Горадзенскім абласным судзе. Працэс вядзе судзьдзя Юры Казакевіч.
Дамастой упершыню затрымалі ў канцы студзеня падчас масавага хапуну супрацоўнікамі КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Падставай сталі лісты і грошовыя пераводы палітвязням, паведамляе «Вясна». Аднак пад варту жанчыну тады не ўзялі. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасьля атрыманьня вынікаў экспэртызы тэхнікі 20 красавіка Вікторыю зьмясьцілі за краты паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»), арт. 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
У Вікторыі трое непаўналетніх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сьнежня: у Берасьці ў закрытым рэжыме судзяць студэнтку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 сьнежня: у Менску пачынаецца другі суд у справе «Кадравай рэзэрвы для новай Беларусі»