Амбасада ЗША ў Кіеве зноў заклікала сваіх грамадзян ва Ўкраіне не ігнараваць сыгналаў трывогі

Амбасада ЗША ў Кіеве, ілюстрацыйнае фота

Мінулым разам пасьля папярэджаньня адразу некалькіх замежных амбасадаў ва Ўкраіне расейскія войскі нанесьлі ўдар па горадзе Дніпро балістычнай ракетай «Арэшнік» 21 лістапада.

Амбасада ЗША ва Ўкраіне ўвечары папярэдзіла амэрыканскіх грамадзян аб імаверных ударах Расеі па крытычнай цывільнай інфраструктуры і заклікала дакладна выконваць усе захады бясьпекі ў часе паветраных трывог.

Ніякіх іншых дэталяў у паведамленьні няма.

Мінулым разам амэрыканскія дыпляматы абнародавалі аналягічнае папярэджаньне 20 лістапада. Тады адразу некалькі замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў спынялі сваю працу на адзін дзень, а 21 лістапада стала вядома аб удары Расеі ракетай імаверна сярэдняга радыюсу па заводзе «Южмаш» у горадзе Дніпро.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ініцыявала ўзмацненьне санкцый супраць Расеі і Беларусі пасьля атакі Дніпра «Арэшнікам»

Пазьней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што гэта было выпрабаваньне новай зброі, ракетнага комплексу «Арэшнік».

28 лістапада на саміце АДКБ у Казахстане прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што наступнымі цэлямі для ўдараў балістычнымі ракетамі «Арэшнік» будуць «цэнтры ўхваленьня рашэньняў у Кіеве».

Тады ж стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну разьмясьціць гэтыя ракеты на тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну