Сырыйскія паўстанцы пасьля штурму ўварваліся ў амбасаду Ірану

Людзі на вуліцах Дамаску топчуць партрэт Башара Асада, чый рэжым зрынуты 8 сьнежня 2024 году

Пасольства Ірану ў Сырыі зазнала атакі. Пра гэта паведаміла іранская дзяржаўная тэлевізія пасьля таго, як паўстанцы пад кіраўніцтвам ісламістаў абвясьцілі аб падзеньні хаўрусьніка Тэгерана Башара Асада ў выніку шырокага наступу, які завяршыўся ў Дамаску.

Кадры з тэлеканалу «Аль-Арабія» паказалі на іранскай тэлевізіі. Відэа нібыта зроблена з дыпляматычнага комплексу, піша AFP.

Фатограф AFP убачыў разрабаваныя кабінэты з разьбітым шклом на падлозе і зламанай мэбляй у будынку ў элітным раёне Дамаску Мазэ, дзе таксама месьцяцца іншыя амбасады і мясцовыя штабы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Людзі пагрузілі нарабаванае на грузавікі, што стаялі на вуліцы, сказаў фатограф. Шафы для дакумэнтаў і скрыні стаялі адкрытымі, а паперы, файлы і іншае зьмесьціва, уключна з іранскімі і сырыйскімі афіцыйнымі сьцягамі, былі раскіданыя па памяшканьнях.

На падлогу былі паваленыя плякаты і партрэты, у тым ліку заснавальніка Ісламскай рэспублікі аяталы Рухалы Хамэйні і цяперашняга вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хамэнэі, перадае фатограф. Паўстанцы зьнішчылі фатаграфію былога кіраўніка лібанскай «Хэзбалы» Хасана Насралы, забітага ў выніку ізраільскага ўдару ў паўднёвым прыгарадзе Бэйруту ў верасьні, і камандзіра Іранскай рэвалюцыйнай гвардыі Касэма Сулеймані, які загінуў у выніку ўдару амэрыканскага бесьпілётніка па сталіцы Іраку Багдадзе ў студзені 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сырыйскія паўстанцы ўзялі Дамаск. Невядома, дзе Башар Асад

Іранская газэта Tehran Times паведаміла, што іранскія дыпляматы пакінулі амбасаду перад штурмам. Гэтая інфармацыя выйшла са спасылкай на прэс-сакратара міністэрства замежных спраў Эсмаіла Бакаі. У паведамленьні гаворыцца, што супрацоўнікі амбасады ў бясьпецы.

Яшчэ 1 сьнежня прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян наведваў Дамаск і сусракаўся з Башарам Асадам, выказваючы яму падтрымку. Сам Асад наведваў Іран апошнім разам у траўні, калі прылятаў у Тэгеран на разьвітаньне з Эбраімам Раісі — мінулым прэзыдэнтам Ірану, які разьбіўся на верталёце.

Раней шмат вайсковых прадстаўнікоў Вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірану былі забітыя ў Сырыі ў выніку налётаў ізраільскай авіяцыі. Іран актыўна падтрымліваў рэжым Асада, пасылаючы ў Сырыю на ягоную просьбу вайсковых дарадцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта Сырыі — «магутная поўха» для Расеі