СМІ: на подступах да Дамаску і Пальміры ідуць баі

Антыўрадавыя ваяўнікі ў Сырыі, ілюстрацыйнае фота

Катарскі тэлеканал «Аль-Джазіра» і турэцкае агенцтва Anadolu паведамляюць пра баі ў Сырыі на подступах да Дамаску і Пальміры. Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пракамэнтаваў падзеі ў Сырыі.

Паводле зьвестак СМІ, Сырыйская свабодная армія, якую падтрымлівае Турэччына, уступіла ў бой з арміяй прэзыдэнта Башара Асада. Сьцьвярджаецца, што антыўрадавым фармаванням удалося захапіць склады з узбраеньнямі.

Расейскія праваенныя блогеры пішуць, што сырыйская ўрадавая армія страціла кантроль над Пальмірай.

«Аль-Джазіра» сьцьвярджае, што армія Асада пакідае прымесьці Дамаску, а ісламісцкія групоўкі знаходзяцца прыкладна за 20 кілямэтраў ад сырыйскай сталіцы. Міністэрства абароны Сырыі адступленьне арміі адпрэчвае.

Дырэктар праграмаў у амэрыканскім Інстытуце Сярэдняга Ўсходу Чарлз Лістэр апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х відэа, на якім у прымесьці Дамаску скідваюць статую Башара Асада.

Тым часам абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў, што Злучаным Штатам, якія маюць невялікія групы вайскоўцаў у Сырыі, нельга ўмешвацца ў вайну.

«Сырыя ў жалюгодным стане, але яна не наш сябар, і ЗША НЕ ПАВІННЫ МЕЦЬ ДА ЯЕ НІЯКОГА ДАЧЫНЕНЬНЯ,» — напісаў ён у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

Раней паведамлялася, што сырыйскія антыўрадавыя групоўкі на чале з «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і шэрагу іншых краінаў, наблізіліся да гораду Хомс.

Узброеныя групоўкі пачалі наступленне на ўрадавую армію Сырыі ў канцы лістапада. За некалькі дзён ісламістам удалося ўзяць пад кантроль гарады Алепа, Хама і Дэйр-эз-Зор. Паступаюць паведамленні аб захопе антыўрадавымі фармаваннямі значнай часткі правінцыі Дараа — у 2011 годзе там пачалося паўстаньне супраць Асада.

  • Рэжым Асада падтрымліваюць Расея, Іран, а таксама лібанская шыіцкая групоўка «Хезбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША. У Эўразьвязе тэрарыстычным лічыцца ваеннае крыло «Хезбалы», але не палітычная партыя.
  • Расея мае ў Сырыі авіябазу на аэрадроме Хмеймім і базу флёту ў порце Тартус. У Міжземным моры на сталай аснове дзейнічае расейская эскадра.
  • Расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у Сырыі з 2015 году, калі расейскія самалёты пачалі бамбаваць пазіцыі праціўнікаў Асада ў грамадзянскай вайне. Пры бамбаваньнях гораду Алепа, па шматлікіх паведамленьнях, загінула мноства мірных жыхароў.
  • Пры падтрымцы Расеі і Ірану сырыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль большую частку тэрыторыі краіны.
  • Перамір’е, заключанае пры ўдзеле Расеі і Турэччыны, дзейнічала з 2020 году.