Праваабарончая арганізацыя, якую цытуе «Настоящее время», адзначыла, што больш за 350 чалавек праходзяць у адміністрацыйных справах, 26 — у крымінальных. Больш за 300 затрыманых, паводле зьвестак праваабаронцаў, пацярпелі ад катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня. 80 пратэстоўцам пасля затрыманьня было неабходна стацыянарнае лячэньне.
У адміністрацыйных справах суды прызначаюць штрафы ў 2000-3000 лары (каля 700-1000 даляраў) або арышт ад 4 да 14 дзён.
6 сьнежня Тбіліскі гарадзкі суд адправіў у СІЗА восем чалавек у крымінальнай справе аб масавых беспарадках і арганізацыі гвалту. Ім пагражае да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі.
Transparency International адзначае, што суды не расьсьледуюць выпадкі катаваньняў пратэстоўцаў, а пры вынясеньні рашэньняў абапіраюцца толькі на паказаньні паліцыянтаў.
Увечары 6 сьнежня перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі прайшла дзявятая акцыя пратэсту. Папярэднія дзьве ночы сілавікі не разганялі пратэстоўцаў. Цяпер разгон мітынгу пачаўся пасля поўначы. Мітынгоўцаў адціснулі ад будынку парлямэнту. Паліцыянты ўжывалі вадамёты і сьлезацечны газ.
Паводле МУС Грузіі, былі затрыманыя 48 чалавек. Адзін зь лідэраў апазыцыйнай партыі «Гірчы — больш свабоды» Цотнэ Кабэрыдзэ распавёў, што падчас затрыманьня яго білі.
«Дзявяты дзень барацьбы грузінаў за сваю свабоду і эўрапейскую будучыню сустракае жорсткі тэрор і рэпрэсіі. Грубыя парушэньні асноўных правоў чалавека — выкраданьні, пабіцьцё, незаконныя ператрусы і арышты — не спыняюцца», — напісала прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
Пратэсты ў Грузіі праходзяць з 28 лістапада. Яны пачаліся пасьля таго, як прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ заявіў аб прыпыненьні да 2028 году перамоваў аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз. Людзей затрымліваюць па абвінавачаньні ў адміністрацыйных правапарушэннях — хуліганстве і непадпарадкаваньні патрабаваньням закону. Затрыманыя некалькі лідэраў апазыцыі.