У сваю чаргу, Сырыйскія дэмакратычныя сілы — фармаваньні, якія падтрымліваюцца міжнароднай кааліцыяй на чале з ЗША, — узялі пад кантроль горад Дэйр-эз-Зор на ўсходзе Сырыі, паведамляе Reuters. Праўрадавыя войскі і праіранскія групоўкі пакінулі горад да ўваходу туды войскаў апазыцыі.
Магчымае ўзяцьце ісламістамі Хомсу адрэжа Дамаск ад прыморскіх раёнаў, у тым ліку раёнаў Латакія і Тартус, дзе разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы.
Расейскія бамбаваньні ўначы разбурылі мост Рустан на шашы М5, галоўным маршруце ў Хомс, каб ня даць групоўкам выкарыстоўваць яго для прасоўваньня, паведаміў агенцтву Reuters афіцэр сырыйскай урадавай арміі.
Тысячы людзей пачалі ўцякаць з Хомсу ў напрамку прыбярэжных раёнаў.
Лідэр пратурэцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і многіх краінах сьвету, Абу Мухамад аль-Джулані заявіў, што мэта кааліцыі антыўрадавых сіл заключаецца ў зрынаньні прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган назваў наступ ісламістаў у Сырыі маршам на Дамаск і выказаў надзею, што ён пройдзе «без здарэньняў». Эрдаган таксама адзначыў, што тэлефанаваў Асаду з прапановай пачаць перамовы, але той адмовіўся, перадае CNN.
- Рэжым Асада падтрымліваюць Расея, Іран, а таксама лібанская шыіцкая групоўка «Хезбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША. У Эўразьвязе тэрарыстычным лічыцца ваеннае крыло «Хезбалы», але не палітычная партыя.
- Расея мае ў Сырыі авіябазу на аэрадроме Хмеймім і базу флёту ў порце Тартус. У Міжземным моры на сталай аснове дзейнічае расейская эскадра.
- Расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у Сырыі з 2015 году, калі расейскія самалёты пачалі бамбаваць пазіцыі праціўнікаў Асада ў грамадзянскай вайне. Пры бамбаваньнях гораду Алепа, па шматлікіх паведамленьнях, загінула мноства мірных жыхароў.
- Пры падтрымцы Расеі і Ірану сырыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль большую частку тэрыторыі краіны.
- Перамір’е, заключанае пры ўдзеле Расеі і Турэччыны, дзейнічала з 2020 году.