У Берасьці ў закрытым рэжыме судзяць студэнтку
У Берасьцейскім абласным судзе з 27 лістапада судзяць Ганну Курыс з Баранавічаў, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, дзяўчыну абвінавачваюць адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК), «абразе» Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 КК). За гэта студэнтка можа на 5 гадоў апынуцца ў калёніі. Суд праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.
Ганне Курыс 21 год, яна вучылася на выкладчыцу замежных моваў у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце. Праваабаронцы кажуць, што ў 2023 годзе дзяўчыну каралі адміністрацыйным арыштам.
Судзіць былую студэнтку будзе Мікалай Сянько, які з 2021 году разгледзеў больш за 30 палітычна матываваных крымінальных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 сьнежня: гарадзенца асудзілі на 4 гады калёніі за камэнтары і ўдзел у пратэстахМаладога лекара, які выгукнуў «Слава Ўкраіне!», чакае суд у Віцебску
17 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачнецца суд над Аляксандрам Рандарэнкам, якога абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Яму пагражае 5 гадоў зьняволеньня, паведамляе «Вясна».
Аляксандра Рандарэнку і ягонага сябра Дзяніса С. затрымалі ў красавіку 2024 году падчас онлайн-стрыму з правакатарам, дзе маладыя людзі, якія былі нападпітку, сказалі, што «сьвяткуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе» (тэракт адбыўся ў Маскве 22 сакавіка 2024 г. — РС).
Паводле праваабаронцаў, Рандарэнку падчас затрыманьня моцна пабілі, пазьней ён і ягоны сябар былі пакараныя адміністрацыйным арыштам.
Да затрыманьня Аляксандар Рандарэнка працаваў у Віцебску доктарам. Мяркуецца, ён сваяк былога галоўнага акушэра Віцебску Ігара Рандарэнкі, які памёр у 2018 годзе.
Аляксандар Рандарэнка адбыў на «сутках» ажно 75 дзён, але так і ня выйшаў на волю. Падчас вобшуку сілавікі знайшлі на стале ў маладога лекара ўкраінскі вымпел, а таксама згадалі яму вокліч «Слава Ўкраіне!» падчас трансьляцыі ў чат-рулетцы і завялі на яго крымінальную справу.
Судзіць лекара будзе судзьдзя Яўген Буруноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 сьнежня: у Менску пачынаецца другі суд у справе «Кадравай рэзэрвы для новай Беларусі»