Пуцін прыляцеў у Менск на перамовы з Лукашэнкам. У цэнтры ўвагі дамова аб бясьпецы

Уладзімір Пуцін, 6 сьнежня 2024

Беларусь і Расея анансавалі пляны падпісаць канцэпцыю бясьпекі так званай саюзнай дзяржавы, а таксама пагадненьне аб гарантыях бясьпекі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыляцеў у Менск для ўдзелу ў пасяджэньні Вышэйшага савету так званай саюзнай дзяржавы.

Расейскага прэзыдэнта ад імя беларускага боку сустракаў прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка.

Іншыя прадстаўнікі расейскай дэлегацы+і — прэм’ер Міхаіл Мішусьцін і старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка — прыляцелі ў Менск іншым самалётам, на дзьве гадзіны раней. Яны таксама будуць удзельнічаць у пасяджэньні.

На двухбаковай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка зрабіў ужо традыцыйныя заявы пра тое, што «Беларусь і Расея ня проста выстаялі, а сталі мацнейшымі» ва ўмовах міжнародных санкцый, і што краіны выйшлі «на беспрэцэдэнтны ўзровень вайсковага стратэгічнага хаўрусьніцтва».

Паводле Лукашэнкі, як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва, сёлета ўзаемны гандлёвы тавараабарот можа перавысіць 60 мільярдаў даляраў.

Уладзімір Пуцін зноў абвінаваціў Захад у сытуацыі ва Ўкраіне.

Раней анансавалі, што ў рамках гэтага пасяджэньня Беларусь і Расея падпішуць канцэпцыю бясьпекі так званай саюзнай дзяржавы, а таксама пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, якое ініцыяваў беларускі бок.

Прадстаўнікі ўрадаў Расеі і Беларусі заяўлялі, што гэтыя дакумэнты падрыхтаваныя з улікам ухваленай Уладзімірам Пуціным новай ядзернай дактрыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін зацьвердзіў сваім указам расейскую ядзерную дактрыну, у якой згадваецца Беларусь