Associated Press: Беларусь капіюе рэпрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненьні да ЛГБТК+

Сьцягі LGBTQ+ на акцыі ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Журналістам агенцтва Associated Press пра свой досьвед расказалі актывісты, якія застаюцца ў Беларусі і якія пакінулі краіну, ратуючыся ад перасьледу.

Калі міліцыя ўварвалася ў дом гей-пары ў беларускай сталіцы Менску і жорстка пабіла хлопцаў, сілавікі ня ўтойвалі, што іхныя дзеяньні былі зьвязаныя з падобнымі дзеяньнямі ў суседняй Расеі, піша Associated Press. Студэнты Андрэй і Саша расказалі, што сілавікі патрабавалі ад іх разблякаваць смартфоны і назваць імёны «геяў Менску і Масквы».

«Яны білі нашымі галовамі аб дзьвярны вушак, пагражалі данесьці на нас ва ўнівэрсытэт і казалі, што гэта толькі пачатак», — падзяліўся 20-гадовы Андрэй, які, як і іншыя беларускія геі і транссэксуалы, апытаныя Associated Press, настойвае на тым, каб яго называлі толькі па імені дзеля бясьпекі.

«Яны хацелі выкрыць „падпольную сетку“ геяў у Беларусі па прыкладзе Расеі», — сказаў ён пра восеньскі рэйд міліцыі.

«Нам адкрыта сказалі, што калі гэта забаронена ў Расеі, то трэба забараніць і ў Беларусі».

Беларусь дэкрыміналізавала гомасэксуалізм у 1994 годзе, пасьля распаду Савецкага Саюзу, але глыбока кансэрватыўная краіна пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі не прызнае аднаполых шлюбаў, і няма законаў, якія абараняюць правы ЛГБТК+.

У Расеі ў апошнія гады прынялі рэпрэсіўныя законы, якія абмяжоўваюць правы ЛГБТК+, і блізкі хаўрусьнік Беларусь падтрымлівае гэты працэс, прапаноўваючы закон аб забароне «гей-прапаганды». Расейская вэрсія забараняе любую падтрымку дзейнасьці ЛГБТК+ і нетрадыцыйных сэксуальных адносін. Жыцьцё супольнасці ЛГБТК+ у Беларусі стала складанейшым, хоць і не было лёгкім ніколі, кажуць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні ўпершыню ўзялі аднаполы шлюб — і гэта зрабілі беларускі

Яны сьвярджаюць, што за апошнія тры месяцы ў сямі гарадах Беларусі былі затрыманыя і пабітыя 32 чалавекі, у тым ліку 10 транссэксуалаў і небінарных людзей і актывістаў.

Некаторых адпусцілі пасьля допыту, аштрафавалі і дазволілі эміграваць, а некалькі чалавек застаюцца пад вартай, ім пагражае абвінавачаньне ў «распаўсюдзе парнаграфіі» і пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў, паведамілі праваабаронцы. Яны не выключаюць, што затрыманых было больш, але людзі магуць баяцца зьвязвацца з праваабаронцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі адмовілася падпісваць пакет законаў, які абмяжоўвае правы ЛГБТ-людзей

Рэпрэсіі апраўдваюць «традыцыямі праваслаўнага хрысьціянства»

Лукашэнка «выкарыстоўвае рэпрэсіі супраць супольнасьці ЛГБТК+, каб атрымаць нейкую пахвалу ад расейскіх уладаў і замацаваць падтрымку сярод кансэрватыўных жыхароў Беларусі», заявіла каардынатарка групы абароны правоў ЛГБТК+ TG House Belarus Аліса Сармант.

«Шмат у чым гэта копія таго, што адбываецца ў Расеі, але ў Беларусі ўсе гэтыя дыскрымінацыйныя практыкі набываюць больш пачварныя і жорсткія формы», — сказала Аліса Сармант. Масква мае цесныя сувязі зь Менскам, выкарыстаўшы беларускую тэрыторыю як пляцдарм для ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

«Нам таксама трэба будзе прыняць аналягічныя меры», — заявіла тады найбліжэйшая дарадца Лукашэнкі, сьпікерка верхняй палаты парлямэнту Натальля Качанава.

«У нас ёсць сямейныя каштоўнасці, традыцыі, якія мы перадаём з пакаленьня ў пакаленьне — традыцыі сям’і, праваслаўнага хрысьціянства», — сказала яна, паўтараючы лінію Крамля.

Пасьля таго, як летась Расея забараніла зьмену полу, у транссэксуалаў у Беларусі таксама пачаліся праблемы, хоць працэдура пакуль не забароненая.

Па словах Сармант, сёлета ўрад адмовіў больш чым 80% асобаў, якія жадалі атрымаць афіцыйны дазвол на працэдуры зьмены полу і зьмены свайго гендэрнага маркера ў афіцыйных дакументах.

Для параўнаньня, у 2020 годзе было адхілена 10-15%, сказала яна. Сярод іншых праблем Аліса Сармант пералічвае «катастрафічную нястачу» гарманальнага лячэньня, зьневажальныя мэдыцынскія працэдуры і судовы перасьлед з палітычных матываў.

39-гадовая транссэксуальная жанчына Тацяна расказала AP, што яе двойчы арыштоўвалі за падпіску на апазіцыйныя сайты, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі», і за падтрымку Ўкраіны.

Тацяна дадала, што падчас зняволеньня яе білі і катавалі электрычным токам. Падчас апошняга рэйду ў яе кватэры сілавікі зламалі ёй зуб і дзьве рабрыны, арыштавалі на 12 дзён і загадалі пакаяцца на камэру, сказала яна.

«Ня мог паверыць, што патрабуюць „вярнуць усё, як было“»

Паводле Тацяны, за кратамі зьдзекі працягваліся дзень і ноч.

«Я была прыніжаная. Яны спрабавалі засунуць мне электрашокер у кутнюю кішку ці прыставіць яго да палавых органаў. ... У краіне, дзе пануе тэрор, вы або згодныя зь лініяй ураду, або маеце мала шанцаў выжыць бяз доступу да гарманальнага лячэньня», — мяркуе Тацяна. Урэшце яна ўцякла зь Беларусі.

Марат, 37-гадовы транссэксуал, расказаў AP, што летась улады запатрабавалі ад яго дэтрансгенцыі і зьмены дакумэнтаў, каб аднавіць гендэрны маркер, які яму быў прысвоены пры нараджэньні. Да таго часу ён ужо «натрэнаваў цягліцы і адгадаваў бараду».

«Я ня мог паверыць, што лекары патрабуюць „вярнуць усё, як было“, і гэты абсурд адбываецца ў ХХІ стагодзьдзі», — сказаў ён, дадаўшы, што спрабаваў аспрэчыць гэта, але ў выніку ўцёк у Францыю са сваімі чацьвярымі дзецьмі.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі закрылі ўсе незалежныя групы ЛГБТК+, сілавікі рэгулярна робяць рэйды ў менскіх начных клюбах, дзе ладзяцца падпольныя вечарынкі, а КДБ шантажуе сяброў суполкі, каб прымусіць іх супрацоўнічаць.

«Запалохваньне, арышты і шантаж выкарыстоўваліся ў Беларусі цягам многіх гадоў, каб стварыць так званую „базу дадзеных ЛГБТК+“ і абвясьціць цэлую сацыяльную групу небясьпечнай», — сказаў Павал Сапелка з цэнтру «Вясна», самай вядомай праваабарончай арганізацыі краіны.

Праваабаронца нагадаў, што ў красавіку Міністэрства культуры пашырыла сваё азначэньне парнаграфіі, уключыўшы ў яго «нетрадыцыйныя адносіны», што азначае, што кожнаму, хто мае такія матэрыялы, можа пагражаць крымінальны перасьлед і пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў.

«Беларусь павінна адмяніць гэтыя абуральныя папраўкі і спыніць цынічны перасьлед людзей ЛГБТК+», — заявіла Анастасія Злобіна, дасьледчыца аддзела Эўропы і Цэнтральнай Азіі Human Rights Watch.

Праваабаронцы кажуць, што людзі ЛГБТК+ у Беларусі працягваюць сутыкацца са стыгматызацыяй, і адзначаюць высокі ўзровень самагубстваў у грамадзтве.

«Палітыка дзяржавы асабліва моцна ўплывае на моладзь ЛГБТ+, якая чатыры гады жыве ва ўмовах штучна створанай „стэрыльнай“ прасторы, расейскага парадку дня і пастаяннай трансьляцыі мовы варожасьці», — гаворыцца ў апошнім дакладзе праваабарончай арганізацыі «Справядлівая ініцыятыва».

Законапраект, які рыхтуецца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году, прадугледжвае пакараньне ўсіх, хто прапагандуе «нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, зьмену полу і(ці) пэдафілію». TG House Belarus пачаў збор пэтыцый супраць праекту, сабраўшы 33 000 подпісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі працягваюць узмацняцца рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў ЛГБТК+