У Беларусі спрасьцілі працэдуру скасаваньня дзяржрэгістрацыі маёмасьці пры ануляваньні ўгоды судом

Ілюстрацыйнае фота

Тэксту закону пакуль не апублікавалі.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб зьменах у заканадаўства ў пытаньнях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці, правоў на яе і ўгодаў.

Як адзначаецца ў паведамленьні Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу Беларусі, закон прадугледжвае абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю нерухомай маёмасьці цягам ня больш як 6 месяцаў, а на падставе раней выдадзеных дакумэнтаў — да 1 студзеня 2031 году.

Тэксту закону пакуль не апублікавалі. Як адзначаецца ў камэнтары Дзяржаўнага камітэту маёмасьці для дзяржаўнага агенцтва БелТА, закон упершыню прадугледжвае норму, паводле якой дзяржаўная рэгістрацыя аўтаматычна прызнаецца несапраўднай у выпадку рашэньня суду аб скасаваньні апэрацыі з маёмасьцю.

«Такім чынам выключаецца неабходнасьць ініцыянаваньня зацікаўленай асобай судовага разбору па асобных пазовах аб несапраўднасьці дзяржаўнай рэгістрацыі пасьля заканачэньня судовага працэсу, які вызначыў несапраўднасьць угоды», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыэлтарка плакала ў слухаўку». Як улады адмяняюць угоды па продажы нерухомасьці палітычных уцекачоў

Апошнім часам у Беларусі выкарыстоўваюць практыку скасаваньня дамоваў продажу маёмасьці для палітычнага перасьледу. Раней такія дзеяньні дазваляліся ў карупцыйных справах, калі ў сьледзтва ёсьць падставы меркаваць, што фігурант крымінальнай справы такім чынам спрабуе выратаваць сваю кватэру або машыну ад канфіскацыі.

У 2023 годзе ўлады Беларусі пастанавілі, што нерухомасьць больш нельга прадаць без асабістай прысутнасьці ў Беларусі або на падставе даверанасьці, заключанай не ў Беларусі. У 2024-м зьявіліся паведамленьні, што ўлады апячатваюць кватэры некаторых беларусаў, якія за мяжой актыўна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту ці ў іншых падзеях, напрыклад у выбарах у Каардынацыйную раду.

Як стала вядома Свабодзе, гэтым цікаўнасьць прадстаўнікоў уладаў да маёмасьці палітычных эмігрантаў не абмежавалася. Рэдакцыі вядома як мінімум некалькі выпадкаў, калі ўладныя органы спрабуюць або прызнаць угоды аб продажы кватэр апанэнтаў рэжыму, якія пераехалі за мяжу, несапраўднымі, або іншымі спосабамі завалодаць іх маёмасьцю. Згадкі пра гэта зьяўляюцца і ў афіцыйных паведамленьнях пракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітэмігранты прадалі кватэру ў Горадні — цяпер суд хоча скасаваць дамову