Лаўроў назваў умовы Расеі для завяршэньня вайны

IRAN -- Tehran 3+3 meeting Sergei Lavrov

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што мір ва Ўкраіне магчымы толькі ў выпадку адмовы ад сяброўства ў NATO і страты Ўкраінай часткі тэрыторый.

Пра гэта Сяргей Лаўроў сказаў у інтэрвію амэрыканскаму блогеру і вядоўцу Такеру Карлсану, апублікаванаму ў ноч на 6 сьнежня ў сетцы Х.

Лаўроў сярод іншага заявіў, што Расея гатовая пачаць перамовы на прынцыпах, агучаных у Стамбуле яшчэ ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ у 2022-м, якія прадугледжвалі, па словах Лаўрова, гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, але без уступленьня ў NATO.

«Ніякага NATO. Ніякіх вайсковых базаў, вайсковых вучэньняў на ўкраінскай зямлі з удзелам замежных войскаў... Прыйдзецца прымаць да ўвагі рэаліі на зямлі. А яны — гэта ня толькі лінія сутыкненьня, але і зьмены канстытуцыі Расейскай Федэрацыі пасьля правядзеньня рэфэрэндуму ў Данецкай і Луганскай рэспубліках, Херсонскай і Запароскай абласьцях. Цяпер яны ўжо знаходзяцца ў складзе Расеі, паводле нашай Канстытуцыі. Гэта рэальнасьць», — сказаў ён.

Лаўроў падкрэсьліў, што Расея ня можа мірыцца з сытуацыяй, «калі захоўваецца ўкраінскае заканадаўства, якое забараняе расейскую мову, расейскія мэдыя, расейскую культуру, Украінскую праваслаўную царкву».

«З таго часу, як у 2017 годзе пачаўся гэты русафобскі „заканадаўчы наступ“, Захад маўчаў і працягвае гэта рабіць. Нам давялося прыцягнуць да гэтага ўвагу адмысловым спосабам», — заявіў расейскі міністар.

Што да адмены санкцый, Лаўроў лічыць, што многія ў РФ хацелі б зьняць санкцыі ўмовай пагадненьня аб Украіне, але краіна іх вытрымала і стала мацнейшай.

У лістападзе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы, сярод якіх, як сьцьвярджаецца, пяць дзейных і былых расейскіх чыноўнікаў, паведамляла, што Пуцін гатовы абмяркоўваць з Трампам пасьля яго ўступленьня на пасаду прэзыдэнта магчымасьць спыненьня агню ва Ўкраіне і, у прыватнасьці, гатовы пагадзіцца на замарожваньне вайны на бягучай лініі фронту, але ня мае намеру адмаўляцца ад большай часткі акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый, а таксама настойвае на тым, што Ўкраіна не павінна ўступаць у NATO.

У Крамлі, камэнтуючы гэтую публікацыю, заявілі, што Пуцін адкрыты для перамоваў, але не пагаджаецца на замарожваньне лініі фронту.

Кіеў неаднаразова заяўляў, што ня можа пагадзіцца зь якімі-небудзь тэрытарыяльнымі саступкамі або замарожваньнем канфлікту. Такая замарозка, паводле ўкраінскай улады, толькі дапаможа Расеі лепш падрыхтавацца да новага нападу.

4 сьнежня амэрыканскі вядоўца і блогер Такер Карлсан, які раней браў інтэрвію ў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, зноў прыехаў у Маскву і анансаваў размову зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Карлсан вядомы сваёй падбухторвальнай рыторыкай і распаўсюджваньнем тэорый змовы. Вядоўцу звольнілі з Fox News летась на фоне скандалаў і судовых пазоваў за абвінавачаньні ў фальсыфікацыі выбараў.

Пасьля звальненьня ён пачаў весьці ўласныя трансьляцыі на плятформе X і на сваім сайце.

Карлсана ўвесь час цытуюць крамлёўскія СМІ, а ўкраінскія ўлады абвінавачвалі ў маніпуляцыях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: у перамовах з Расеяй павінны ўдзельнічаць NATO і Эўразьвяз

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.