У Румыніі перад другім турам выбараў прэзыдэнта тысячы грамадзян выйшлі на праэўрапейскі марш

Праэўрапейскі марш у Румуніі 5 сьнежня

У другім туры выбараў, які адбудзецца 8 сьнежня, вызначыцца, ці стане ўльтраправы прарасейскі кандыдат прэзыдэнтам краіны.

У Бухарэсьце перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў адбыўся праэўрапейскі марш, у якім узялі ўдзел ня менш за тры тысячы грамадзян.

Удзельнікі акцыі скандавалі «Свабода!» і «Эўропа!». Паводле арганізатараў акцыі, Румынія перажывае вырашальны момант пасьля таго, як рэвалюцыя 1989 году адкрыла шлях да свабоды і дэмакратыі.

«Чалавечая годнасьць, фундамэнтальныя свабоды, роўнасьць людзей, салідарнасьць, правы грамадзян і справядлівасьць зьяўляюцца каштоўнасьцямі, якія могуць аб’яднаць нас усіх», — заявілі актывісты.

Грамадзяне выйшлі на акцыю пасьля таго, як Рада нацыянальнай абароны Румыні (CSAT) 4 сьнежня рассакрэціла дакумэнты, паводле якіх, краіна была мішэньню «агрэсіўных гібрыдных дзеяньняў Расеі», што прывялі да шокавай перамогі Кэліна Джарджэску ў першым туры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рассакрэчаныя дакумэнты паказалі «агрэсіўныя гібрыдныя дзеяньні Расеі» на выбарах у Румыніі

Дакумэнты дапамагаюць растлумачыць, як папулярнасьць кандыдата Джарджэску вырасла з 1% незадоўга да выбарчай гонкі да 22% праз шырокую апэрацыю маніпуляцый, у якую ўцягнуліся ўплывовыя асобы і румынскія інстытуты, а таксама звычайныя выбарнікі.

Выбарнікі вызначаць пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў 8 сьнежня ў другім туры, у якім Джарджэску сустрэнецца з праэўрапейскай кандыдаткай-цэнтрысткай Эленай Лясконі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд зацьвердзіў вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі