Кампанію набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Шаўцова ў Вугоршчыне ліквідуюць па рашэньні суду

Віктар Шаўцоў, архіўнае фота

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар знайшоў вугорскую кампанію «гаманца» Лукашэнкі Віктара Шаўцова. Празь яе Шаўцоў ня толькі зарабляў у Эўропе, але і быў зьвязаны з кіраўніцай праграмы «залатых ДНЖ» Вугоршчыны, якая апынулася ў цэнтры міжнароднага скандалу. Цяпер мясцовыя падатковыя органы ліквідуюць кампанію.

У пачатку верасьня 2024 году Цэнтральны акруговы суд Будапэшта вырашыў прыпыніць дзейнасьць зарэгістраванай у Вугоршчыне кампаніі PS Commodities Kft з прычыны ўнясеньня яе ўладальніка ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу. Як высьветліў БРЦ, кампанія належыць набліжанаму да беларускіх уладаў бізнэсоўцу Віктару Шаўцову.

Шаўцоў трапіў пад санкцыі Эўразьвязу і Швайцарыі ў жніўні 2024 году пасьля выхаду расьсьледаваньня БРЦ аб манаполіі на вытворчасьць ахоўных галяграм у Беларусі (паводле расьсьледнікаў, ён быў адным з галоўных бэнэфіцыяраў гэтага бізнэсу). Цяпер Шаўцоў спрабуе аспрэчыць уведзеныя супраць яго абмежаваньні. На сайце Суду ЭЗ журналісты БРЦ знайшлі рэгістрацыю справы «Шаўцоў супраць Рады ЭЗ».

У 2023 годзе выручка кампаніі Шаўцова PS Commodities Kft склала каля 850 тысяч эўра. На сайце кампаніі гаворыцца, што яна прадае бананы з Эквадора і Калюмбіі, угнаеньні, хімічныя і гумовыя прадукты. Таксама яна называе сябе дыстрыбутарам вугорскіх маторных аліваў MOL.

Зарэгістраваная PS Commodities Kft у доме, які належыць кампаніі вугоркі Крысьціны Шыман, высьветлілі расьсьледнікі БРЦ. У бізнэс-рэгістры Вугоршчыны яшчэ адзін дом Шыман пазначаны як адрас для карэспандэнцыі Шаўцова. Крысьціна Шыман кіравала дзяржаўнай праграмай выдачы дазволаў на жыхарства за інвэстыцыі, якую вугорскія ўлады прыпынілі ў 2017-м пасьля крытыкі грамадзкасьці за непразрыстасьць схемы. Расейская «Новая газета» і вугорскія журналісты высьветлілі, што сярод атрымальнікаў «залатых ДНЖ» былі ўплывовыя расейцы: напрыклад, чальцы сям’і кіраўніка Службы замежнай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна.

Як высьветліў БРЦ, бізнэсовец Шаўцоў блізкі да беларускіх уладаў: толькі за 2008–2013 гады расьследнікі налічылі тры дзясяткі паездак Шаўцова з чыноўнікамі і іншымі набліжанымі Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён вядомы як пасярэднік беларускай дзяржавы ва ўгодах з аўтарытарнымі рэжымамі, такімі як Ірак Садама Хусэйна і Вэнэсуэла Уга Чавэса.

У канцы 2011 году Віктар Шаўцоў трапіў за краты ў Беларусі: яго абвінавацілі ў прысвойваньні грошай пры будаўніцтве аб’ектаў у Вэнэсуэле. Ужо ў сьнежні 2012 году Шаўцова амніставалі.

Таксама Шаўцоў зьвязаны з кампаніяй, якая павінна была надрукаваць пашпарты «Новай Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьдзівіліся нават спэцслужбы Літвы». Як зьвязаныя пашпарт «Новай Беларусі» і стары «гаманец» Лукашэнкі