На труне і на вакне. Цікавосткі пра беларускую выцінанку, якую ўключылі ў сьпіс UNESCO

Выцінанка з выявай дрэва, аўтарства Вольгі Palunis’y

Беларускую выцінанку ўключылі ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESСO. Яна стала шостым беларускім аб’ектам у гэтым сьпісе, поруч з саломапляценьнем, бортніцтвам, Будслаўскім фэстам, абрадам «Калядныя цары» і Юраўскім карагодам. Рашэньне прынялі сёлета 4 сьнежня.

«Я заўжды паказваю сьняжынку»

Выцінанка — гэта ўзор, выразаны з паперы. У Беларусі яе яшчэ называюць выразанкай або выстрыганкай. Беларуска Вольга Palunisa займаецца выцінанкай больш за 30 гадоў. Майстрыха кажа, што яшчэ ў 2000 годзе мала хто ведаў, што такое выцінанка. Ёй даводзілася гэта тлумачыць нават на Славянскім базары ў Віцебску. У гэтым мастацтве яна тады была адзінай канкурсанткай.

«Калі сустракаюцца людзі, якія ня ведаюць, што такое выцінанка, я заўжды паказваю ім сьняжынку. Гэтая форма, як нітачка, зьвязвае нас з даўнейшай традыцыяй», — кажа Вольга.

Вольга Palunisa

Выразкі з паперы на беларускіх землях рабілі яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Тады гэта было прывілеем эліты. Больш за сто гадоў таму выразкі з паперы прыйшлі ў культуру простых людзей. Імі ўпрыгожвалі хату. Пазьней выцінанка перажыла заняпад.

У канцы 1980-х яе пачалі адраджаць. У Маладэчне гэта рабілі Вікторыя Чырвонцава і Юры Герасіменка-Жызьнеўскі. Яны былі настаўнікамі Вольгі. Выхавалі і іншых вядомых майстроў: Лізавету і Натальлю Чырвонцавых, Натальлю Сухую, Людмілу Валковіч-Борыс, Канстанцыю Герасіменку. Тады выцінанкай займаліся адзінкавыя мастакі: Алесь Лось, Ніна Сакалова-Кубай, Вячаслаў Дубінка, Аляксандар Аўчыньнікаў, Станіслаў Муліца.

«На пачатку нулявых гадоў я казала, што хачу, каб выцінанка стала беларускім брэндам. Мне вельмі прыемна бачыць, што я ўжо пры жыцьці гэта зачапіла. Але ўсё пачалося са сьняжынкі», — кажа майстрыха.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускую выцінанку ўключылі ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO

«Нажніцы, якімі стрыгуць авечак»

Выразаньнем з паперы займаюцца розныя народы. Цяпер Вольга жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Яна бачыла папяровыя выразкі з розных краінаў: працы францускага мастака-фавіста Анры Матыса, творы народаў Афрыкі і амэрыканскіх індзейцаў. У музэі Ганса Хрысьціяна Андэрсэна ў Даніі — выразкі, якія пісьменьнік рабіў для сваіх кніг.

Яшчэ 20 гадоў таму беларуска перагледзела ў інтэрнэце шмат прыкладаў выразаных твораў. Праз гэта яна адкрыла ўнікальнасьць беларускай выцінанкі і вырашыла, што будзе займацца ёю цягам усяго жыцьця.

Выцінанка ў менскай гімназіі-каледжы мастацтваў. Архіўнае фота

Пра назву «выцінанка» Вольга даведалася ў 12 гадоў, калі хадзіла ў мастацкую школу ў Маладэчне. Вучні пачыналі з таго, што складалі квадраты з паперы і выразалі сурвэткі. За 30–40 гадоў беларуская выцінанка зрабіла вялікі шлях дзякуючы сваім адраджальнікам, мяркуе Вольга.

Яна пералічыла некалькі асаблівасьцяў менавіта беларускай выцінанкі.

1. Шматразовае складаньне

Кавалак паперы складаюць шматкроць гармонікам або, як сьняжынку, праз цэнтар. На згінах выразаюць дзірачкі. Яны атрымліваюцца адразу на многіх слаях паперы.

«Трэба было хутка зрабіць. Не было часу некалькі дзён сядзець, каб выразаць нажом фіранку на вокны. Была гаспадарка, трэба было працаваць. Фіранкі складалі гармонікам. Раз-раз-раз, выразалі, потым разгарнулі — і фіранка на ўсё вакно», — тлумачыць мастачка.

Выцінанка Вольгі Palunis’y з выявай помніка Тадэвушу Касьцюшку. Фота Вольгі Palunis’y

2. Простыя геамэтрычныя формы

Усе дзірачкі ў беларускіх выцінанках — простых формаў. Часам гэта адбывалася праз грубасьць інструмэнту.

«Адным з інструмэнтаў былі нажніцы, якімі стрыгуць авечак. Яны вялікія, грубыя, простыя. Імі чах-чах, два разы адрэзаў — ужо дзірачка. З простых геамэтрычных формаў складаюцца больш мудрагелістыя і цікавыя ўзоры», — тлумачыць Вольга.

Выцінанка «Моль» аўтарства фота Вольгі Palunis’y (Аўтар Вольга Palunisa)

3. Беларускае традыцыйнае мысьленьне і сьветапогляды

«Заўжды адчуваецца, калі чалавек, які выразаў выцінанку, напяваў народную песьню ў галаве. Гэта адчуваецца, нават ня скурай, а клеткамі недзе ў глыбіні. Мы можам не ўсьведамляць гэтага, але прафэсіянал адчуе, дзе ёсьць падводная плынь, а дзе яе няма. Гэта тое, што не апішаш словамі і што не пабачыш. Трэба мець кантакт з гэтай культурай», — адзначае майстрыха.

Яна дадае, што ў беларускай выцінанцы заўжды ёсьць напаўненьне сэнсамі, не абавязкова зьвязанымі з фальклёрнымі вобразамі.

«Гэты сэнс мы часам можам толькі сьпінным мозгам счытаць. Беларуская выцінанка ня проста як карцінка паказвае нешта. Яна нешта яшчэ за сабой мае такое, што варушыць ня толькі нас у Беларусі, а на што рэагуюць людзі зь іншых культур. Іх таксама гэта чапляе», — мяркуе экспэртка.

Выцінанка з «Пагоняй» аўтарства Вольгі Palunis’y (Аўтар Вольга Palunisa)

На кнігі, труну, абразы, фота, вокны

У часы Вялікага Княства Літоўскага выцінанка была прывілеяваным мастацтвам, расказвае мастачка. Тады выразаць з паперы маглі дазволіць сабе толькі магнаты, шляхта. Выцінанкамі ўпрыгожвалі дакумэнты, кнігі. Гэтыя ўзоры выконвалі ахоўную функцыю.

«Яны маглі быць простыя, а маглі быць вельмі складаныя, гербавыя, памерам 20 на 20 сантымэтраў нават», — расказвае суразмоўца.

Жанчыны з шляхты ўпрыгожвалі папяровымі ўзорамі свае альбомы, тагачасныя скетчбукі. Да сучасных беларусаў выразаньне з паперы дайшло як народнае мастацтва, якое ўзьнікла зь нястачы ў пасьляваенныя гады.

«Людзям хацелася аздобіць жыльлё, хацелася прыгажосьці, крэатыву... Памятаю, у бабулі былі драўляныя абгорнутыя скрыні з вазонамі. Бабуля з гафрыраванай паперы выразала зубчыкі па краі, узорчыкі і гэтым абгортвала», — кажа Вольга.

Выразкамі з паперы ўпрыгожвалі фатаграфіі, паліцы, вокны, зь іх рабілі сурвэткі. Упрыгожвалі абразы на покуці.

«Мая маці расказвала, што гэта быў яе абавязак. Абразы былі на пэўнай глыбіні ад шкла. Маці рабіла аб’ёмныя папяровыя кветачкі туды вакол абраза пад шкло і выцінанкі ўстаўляла. Ёсьць прыклады, дзе рабілі прыгожыя фіраначкі вакол абраза», — кажа суразмоўца.

Фіранкі на палічцы ў менскай гімназіі-каледжы мастацтваў. Архіўнае фота

Яна прыгадала таксама рэканструкцыю мастака Станіслава Муліцы з Горадні, які з папяровых зубчатых карункаў зрабіў абіўку для труны. У Заходняй Беларусі рабілі папяровыя ўзорыстыя круглыя разэткі на сьцены з сакральным або магічным сэнсам.

«Чалавек захварэў. Над ім выразалі пэўны ўзор, каб ён меў магічнае ўзьдзеяньне на чалавека. Альбо каб дзіцё добра спала», — кажа суразмоўца.

Каб выразаць драўляныя ўзорыстыя ліштвы на вокны, папярэдне маглі рабіць шаблён з паперы.

Выцінанка на ялінку ў выглядзе бабра. Аўтарства фота Вольгі Palunis’y (Аўтар Вольга Palunisa)

Выцінанкамі палілі печ

Вольга тлумачыць, што да нашых часоў захавалася няшмат узораў старых выцінанак, у адрозьненьне, прыкладам, ад узораў вышываных кашуляў. Упрыгожваньні з паперы былі нетрывалыя. Імі час ад часу палілі печ, а тады наразалі новыя. Яны не лічыліся каштоўнасьцю. Калі зьявіліся крамныя фіранкі і абрусы, то выцінанкі сталі прыкметай галоты.

Выцінанка. Аўтарства фота Вольгі Palunis’y (Аўтар Вольга Palunisa)

З таго, што захавалася, — гэта ўспаміны старэйшых людзей, якія раней рабілі выцінанкі. Суразмоўца кажа, што гэта не абавязкова вяскоўцы, могуць быць і гарадзкія. Прыклад такой народнай майстрыхі — Натальля Адзінец зь Любанскага раёну. Ёй 89 гадоў. Яе стыль выцінанкі можна лічыць аўтарскім, мяркуе Вольга.

У Беларусі ўжо зьявіліся дапаможнікі, якія вучаць ствараць выцінанкі. Сярод іх і кніга Вольгі «Мая выцінанка». Яшчэ адну паэтычную кнігу пра выцінанку на трох мовах яна шукае магчымасьць выдаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-15 нацыянальных акцэнтаў сучаснага дызайну хатняга інтэр’еру

У кожнай выцінанкі ёсьць аўтар

Каб навучыцца рабіць выцінанку, людзі часам бяруць за прыклад творы мастакоў. Вольга кажа, што за гэтым хаваецца балючы для многіх майстроў момант аўтарства. Беларускую выцінанку адрадзілі прафэсійныя мастакі.

«Гэта адзін зь цікавых момантаў беларускай выцінанкі як народнага мастацтва. Для нас народнае мастацтва — гэта мастацтва бяз аўтарства, мастацтва, якое належыць усёй культуры. Ты можаш разгарнуць альбом з вышыўкай, вышыць і прадаць гэтую кашулю, і як бы ўсё ў парадку. Але ўзяць выцінанку з інтэрнэту, надрукаваць на кашулю і прадаваць — гэта ўжо парушэньне аўтарства атрымліваецца», — тлумачыць суразмоўца.

Яна падкрэсьлівае, што ў кожнай выцінанкі варта знайсьці аўтара, і калі выкарыстоўваць яе камэрцыйна, то з дазволам.

Выцінанкі. Аўтарства фота Вольгі Palunis’y (Аўтар Вольга Palunisa)

У апошнія гады беларуская выцінанка стала больш папулярнай. На думку Вольгі, яна ўплывае на творчасьць амэрыканскіх, польскіх, украінскіх майстроў.

«Мода на выцінанку не прыйшла са зьнешняга сьвету ў Беларусь, а Беларусь сама вырасьціла гэты від мастацтва, і ён распаўзаецца па ўсім сьвеце. Беларуская нацыя мае вялікі патэнцыял. Мы проста не ўяўляем, які моцны ўплыў мы аказалі на сусьветную гісторыю», — кажа яна.

Вольга Palunisa мяркуе, што варта зрабіць 4 сьнежня Днём беларускай выцінанкі.

«Гэта мог бы быць дзень, зь якога мы пачынаем рабіць папяровыя ўпрыгожаньні да Калядаў, да Новага году», — мяркуе Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне пад вужыкам Або 10 акцэнтаў беларускага інтэрʼеру