Беларус пераклаў гульню S.T.A.L.K.E.R. 2 на беларускую мову

Ілюстрацыйнае фота

Беларус з выдавецтва «Трасянкус» выклаў у агульны доступ поўны пераклад на беларускую мову гульні S.T.A.L.K.E.R. 2: Сэрца Чарнобыля, заўважыў тэлеграм-канал Motolko.help.

Аўтар перакладу адзначае, што на беларускай мове цяпер усе тэксты гульні: субтытры дыялёгаў, мэню, падказкі, мапа і г.д. За чарнавік быў узяты варыянт, выкананы нэўрасеткай, перакладчык яго доўга рэдагаваў.

«Гэта поўны пераклад, гульню можна цалкам прайсьці на беларускай мове. Пераклад нашмат якасьней за паганы промт 90-х, але, вядома, спатрэбілася шмат дапрацоўкі», — піша перакладчык.

Ён зазначыў, што працягне дапрацоўваць пераклад і будзе рады дапамозе іншых.

Беларус не ўпершыню перакладае гульні на родную мову, падкрэсьлівае Motolko.help. Раней ён жа зрабіў пераклад гульні Baldur’s Gate 3.

Беларускі пераклад S.T.A.L.K.E.R.2 ужо можна спампаваць.

Новая сэрыя культавай гульні S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl («Сэрца Чарнобылю») выйшла сёлета 20 лістапада. Ад анонсу прайшло 14 гадоў: тэрміны пераносілі некалькі разоў, у тым ліку таму, што частку распрацоўнікаў давялося вывозіць з Украіны з-пад расейскіх абстрэлаў, а іншыя пайшлі на фронт. Працу над гульнёй завяршылі ўжо ў Празе.

Падзеі S.T.A.L.K.E.R. 2 разгортваюцца ў альтэрнатыўнай рэальнасьці, асновай для якой служыць рэальная тэрыторыя чарнобыльскай зоны адчужэньня. Паводле сюжэту, тэрыторыю атамнай станцыі пасьля катастрофы 1986 году не закансэрвавалі, а зрабілі там палігон для сакрэтных выпрабаваньняў, і празь дзесяцігодзьдзі зона зьмянілася ды стала яшчэ больш небясьпечнай.

Кампутарную гульню «S.T.A.L.K.E.R.: Цень Чарнобылю» таксама раней пераклалі на беларускую мову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайна ўплывае на нашы жыцьці. Але не на працэс стварэньня гульні». Стваральнік S.T.A.L.K.E.R. пра выпуск гульні, забароненай у Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цой, шрубаванка і расейскія навукоўцы. Як група сяброў сем гадоў перакладала гульню пра Чарнобыль на беларускую мову