Сталі вядомыя дэталі працэсу «Беларуськалію» супраць Літвы, які прыпынялі, бо Менск ня мог заплаціць арбітражу

Продаж калійных угнаеньняў беларускім прадпрыемствам зьнізіўся праз увядзеньне міжнародных санкцый. Ілюстрацыйнае фота

Пазоў «Беларуськалію» супраць Літвы будзе разглядаць Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA), які раней спыніў працэс, бо беларускі бок ня змог унесьці аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду яго пазову.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце PCA, арбітражны суд прыняў пазоў «Беларуськалію» 17 кастрычніка 2023 году і прапанаваў кожнаму баку працэсу ўнесьці свой аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду.

Аднак у чэрвені 2024 году беларускі бок зьвярнуўся ў арбітраж па прыпыненьне працэсу празь немагчымасьць аплаціць аванс з прычыны заблякаваных рахункаў. На той момант Міністэрства фінансаў Нідэрляндаў не дало дазволу ажыцьцявіць такі плацеж, і суд спыніў працэс да 24 жніўня.

Тэрміны разгляду пазову «Беларуськалію»

Як вынікае з тэрмінаў, вызначаных арбітражам пасьля прыпыненьня разгляду працэсу, 19 сьнежня адвакаты мусяць аднавіць заяву аб разглядзе пазову, а пазваны (Літва) мог выставіць сустрэчны пазоў.

Да 6 лютага 2025 году бакі павінны зноў падаць усе дакумэнты, якія вызначаюць іх пазыцыі, а 13 лютага наступнага году арбітраж плянуе правесьці кансультацыі аб фармаце слуханьняў і толькі 13 сакавіка абвесьціць рашэньне аб пачатку ці аб адмове ў пачатку працэсу.

Калі бакі ўнясуць аванс за разгляд, то папярэднія слуханьні справы могуць прайсьці 1 сьнежня 2025-га, а самі слуханьні — у канцы лютага 2026-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Эўразьвязу адмовіўся здымаць санкцыі зь «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі

Ці знайшлі магчымасьць аплаціць паслугі

Пакуль не зразумела, ці выдала Міністэрства фінансаў Нідэрляндаў дазвол «Беларуськалію» на перавод авансу ў 300 тысяч эўра. У папярэдніх дакумэнтах адзначалася, што ведамства павінна было вырашыць гэтае пытаньне сёлета да 23 ліпеня.

Рэглямэнт дзейнасьці арбітражу прадугледжвае магчымасьць аплаты трэцім бокам, але заяўнік павінен абавязкова раскрыць імя і адрас любой фізычнай ці юрыдычнай асобы, якая не зьяўляецца ўдзельнікам працэсу, і пералічыць грошы для правядзеньня судовага працэсу ў абмен на ўзнагароджаньне (яно будзе залежыць ад вынікаў разгляду).

Пакуль у апублікаваных дакумэнтах адсутнічае сума прэтэнзіяў «Беларуськалію» да Літвы. Раней у «Беларуськаліі» неаднаразова называлі лічбу стратаў у памеры прыблізна 1 мільярд эўра на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў праблемы з рэалізацыяй калію і прапанаваў «карпаратыўную змову» з Расеяй

Беларусь аднавіла камунікацыю з арбітражам у верасьні

Як вынікае з дакумэнтаў, беларускі бок аднавіў камунікацыю з Пастаянным арбітражным судом у Швайцарыі ў пачатку верасьня.

У сваім лісьце ў арбітраж беларускі бок настоўваў на захаваньні ўсімі ўдзельнікамі гэтага працэсу канфідэнцыйнасьці разбору да ўхваленьня адпаведнага рашэньня аб рэжыме празрыстасьці. У той жа час беларускі бок прапанаваў праводзіць арбітраж «празрыстым спосабам з улікам пэўных абмежаваньняў, такіх, як, напрыклад, канфідэнцыяльная дзелавая інфармацыя бакоў». У той жа час беларускі бок прапанаваў публікаваць «любыя іншыя дакумэнты, уключна з паказаньнямі сьведак, справаздачамі экспертаў і пратаколамі слуханьняў».

Літва ў вызначэньні ступені празрыстасьці працэсу прапанавала знайсьці балянс паміж грамадзкімі інтарэсамі ў раскрыцьці інфармацыі і канкуруючымі інтарэсамі ў канфідэнцыяльнасьці, удзяляючы «належную ўвагу асаблівай далікатнасьці, зьвязанай з пытаньнямі нацыянальнай бясьпекі ў гэтай справе».

У прыватнасьці, літоўскі бок выказаўся за публікацыю рашэньняў і працэсуальных пастаноў, але ня іншай дакумэнтацыі, перададзенай для працэсу. Апроч таго, Літва прапанавала зрабіць працэс закрытым для грамадзкасьці.

Арбітраж пагадзіўся з закрытым працэсам і вызначыў, што публікаваць будуць толькі ўхваленыя рашэньні. Усё іншае можа быць апублікавана пры ўзаемнай згодзе бакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы гендырэктар «Беларуськалію» заявіў, што будзе дамагацца скасаваньня заходніх санкцый. Раней гэта не ўдалося

Што папярэднічала

На прадпрыемстве ААТ «Беларуськалій» паведамілі аб падачы пазову супраць Літвы ў сувязі зь яе дзеяньнямі, што прывялі да парушэньня правоў беларускай кампаніі як іншаземнага інвэстара.

Як вынікала з афіцыйнага паведамленьня «Беларуськалію», «поўную пазоўную заяву» падалі 2 сьнежня, але не пазначылі, у які інстытут інвэстыцыйнага арбітражу зьвярнуліся.

У паведамленьні адзначалася, што пазоў падрыхтаваны на падставе палажэньняў міжурадавага пагадненьня аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый, якое, паводле беларускага боку, парушыла Літва. Гэтае пагадненьне ў пачатку кастрычніка дэнансаваў Сейм Літвы, але ягонае дзеяньне захоўваецца яшчэ цягам году пасьля афіцыйнага паведамленьня літоўскім бокам аб ухваленым рашэньні.

Як пракамэнатаваў БелТА гэтае паведамленьне генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Андрэй Рыбакоў, «гэты пазоў не зьяўляецца аўральным ці гарачым».

«Гэта халоднае абдуманае рашэньне аб прыцягненьні да адказнасьці за беспрэцэдэнтнае парушэньне нашых правоў. Пасьля працы цягам некалькіх гадоў у новым фармаце, стварэньня новых мэханізмаў і лягістычных рашэньняў, мы больш дакладна ацанілі нанесеную нам шкоду і выстаўляем у гэтым пазове ўсе нашыя прэтэнзіі з халодным разьлікам для таго, каб дабіцца ад пазванага поўнай кампэнсацыіі гэтых выдаткаў», — сказаў Рыбакоў.

Новы кіраўнік прадпрыемства не назваў памеры стратаў і аб’ёму прэтэнзій. Паводле яго, пазоў падрыхтавалі прафэсійныя юрысты і «перадалі на вывучэньне ўсім зацікаўленым бакам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» зноў зьбіраецца судзіцца зь Літвой. Ці ёсьць шанцы выйграць