Рассакрэчаныя дакумэнты паказалі «агрэсіўныя гібрыдныя дзеяньні Расеі» на выбарах у Румыніі

Кэлін Джарджэску

Дакумэнты рассакрэціла Рада бясьпекі Румыніі 4 сьнежня.

У зьвестках гаворыцца, што краіна стала мішэньню «агрэсіўных гібрыдных дзеяньняў Расеі» падчас нядаўніх выбарчых кампаній, у тым ліку нечаканай перамогі прарасейскага ўльтраправага кандыдата ў першым туры. Падзеі ў Румыніі называюць «Апэрацыя „Джарджэску-прэзыдэнт“», піша румынская служба Свабоды.

Найвышэйшая рада нацыянальнай абароны лічыць, што дакумэнты паказваюць, што Румынія была мішэньню скаардынаваных дзеяньняў, якія прывялі да перамогі ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў 24 лістапада Кэліна Джарджэску.

Выбарнікі вызначаць пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў 8 сьнежня ў другім туры, у якім Джарджэску сустрэнецца з праэўрапейскай кандыдаткай-цэнтрысткай Эленай Лясконі.

Раней у Румыніі расказалі, як TikTok выкарыстоўваўся для атрыманьня падтрымкі для Джарджэску. Але цяпер рассакрэчаныя дакумэнты паказваюць, што румынскія спэцслужбы лічаць, што Джарджэску актыўна прасоўваўся ў TikTok пры падтрымцы Расеі і з дапамогай розных мэтадаў, уключаючы скаардынаваныя ўліковыя запісы, альгарытмы для павелічэньня прысутнасьці на плятформе і платнае прасоўваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як TikTok спрыяў узьлёту ўльтраправага кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі Кэліна Джарджэску

Дакумэнты дапамагаюць растлумачыць, як папулярнасьць кандыдата Джарджэску вырасла з 1% незадоўга да выбарчай гонкі да 22% праз шырокую апэрацыю маніпуляцый, у якую ўцягнуліся ўплывовыя асобы і румынскія інстытуты, а таксама звычайныя выбарцы.

Паводле рассакрэчаных дакумэнтаў, каля 25 тысяч старонак у TikTok, якія нібыта выкарыстоўваліся для павышэньня папулярнасьці Джарджэску, «сталі вельмі актыўнымі за два тыдні да даты выбараў». Каля 800 з гэтых уліковых запісаў мелі надзвычай нізкую актыўнасьць да 11 лістапада. Згодна з дакумэнтамі, з гэтай даты «ўся сетка была актываваная на поўную магутнасьць».

Іншы мэтад прасоўваньня незалежнага кандыдата ўключаў стварэньне старонак, якія фальшыва прадстаўлялі інстытуты румынскай дзяржавы. Былі знойдзеныя дзясяткі акаўнтаў TikTok, у якіх ілжыва выкарыстоўваўся лягатып спэцслужбы і назва «Антытэрарыстычная брыгада» (BAT), кожны зь якіх меў тысячы падпісантаў і больш за 100 тысяч падабаек.

Акрамя таго, допісы Джарджэску не пазначаліся як прыналежныя кандыдату ў прэзыдэнты, што спрыяла іх масаваму распаўсюду. Іншыя кандыдаты, чые паведамленьні былі пазначаныя як прыналежныя кандыдату, мелі меншую прысутнасьць у сеціве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд зацьвердзіў вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі

Спэцслужбы адзначаюць, што на такую сэрыю апэрацый патрабаваліся вялікія сумы грошай. Пры гэтым Джарджэску ў дакумэнтах для выбарчай камісіі пазначаў, што не патраціў на выбарчую кампанію нічога.

Рада бясьпекі Румыніі зьвязвае апэрацыю з Расеяй, адзначыўшы, што зьвесткі пра доступ да афіцыйных выбарчых сайтаў Румыніі былі апублікаваныя на расейскіх плятформах кібэрзлачынцаў. Зьвесткі, імаверна, былі атрыманыя шляхам нацэльваньня на афіцыйных карыстальнікаў або з выкарыстаньнем афіцыйнага навучальнага сэрвэру.

Румынскія ўлады зарэгістравалі больш за 85 тысяч кібэратак, накіраваных на выкарыстаньне ўразьлівасьцяў сыстэмы.

Масква любое дачыненьне да ўмяшаньня ў румынскія выбары адпрэчвае.

TikTok пацьвердзіў выдаленьне перадвыбарных агітацыйных матэрыялаў праз два дні пасьля запыту Цэнтравыбаркаму, але ён ня выдаліў выбарчае зьмесьціва, як таго патрабаваў Пастаянны выбарчы орган. Гэтая інфармацыя працягвала быць дасяжнай для карыстальнікаў нават пасьля заканчэньня выбарчага пэрыяду. У тым ліку ў дзень выбараў, з парушэньнем выбарчага заканадаўства Румыніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі выйшлі прыхільніца дапамогі Ўкраіне і прарасейскі кандыдат