Увечары 4 сьнежня каля парлямэнту ўжо традыцыйна сабраліся тысячы пратэстоўцаў. Яны сьпявалі, смажылі шашлыкі і палілі расейскі сьцяг.
Як паведамілі мясцовыя СМІ, паліцыя праводзіла вобшукі ўсіх, хто выходзіў з мэтро побач з парлямэнтам, і некаторых грамадзян затрымала. Улады таксама абмежавалі працу крамаў, якія прадавалі піратэхніку.
Паводле інфармацыі праекту Радыё Свабода «Эхо Кавказа», чатыры апазыцыйныя партыі, якія набралі неабходную колькасьць падтрымкі для працы ў парлямэнце, але адмовіліся ад мандатаў, стварылі супольны інфармацыйны цэнтар.
Лідэры «Кааліцыі за перамены», партый «Адзінства — Нацыянальны рух», «Моцная Грузія» і «Гахарыя — за Грузію» абвясьцілі, што адзіны інфармацыйны цэнтар будзе пастаянна інфармаваць грамадзкасьць аб актуальнай сытуацыі ў краіне з боку апазыцыі.
Палітыкі мяркуюць, што гвалт з боку ўлады супраць пратэстоўцаў сьведчыць аб тэндэнцыі «распаду незаконнага рэжыму». Яны заклікалі дзяржаўных службоўцаў да непадпарадкаваньня ўладам, а паліцыю — абараняць грамадзян, а не выконваць незаконныя прыказы.
Як паведаміла выданьне NewsGeorgia, у адстаўку пайшоў кіраўнік упраўленьня апэратыўнага плянаваньня дэпартамэнту асаблівых даручэньняў МУС Грузіі Іраклі Шаішмелашвілі. Менавіта гэты дэпартамэнт займаецца непасрэдна падрыхтоўкай разгону пратэстаў.
Паводле інфармацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўжо звольніліся, разам з Іракліем Шаішмелашвілі звольніліся чатыры ягоныя намесьнікі, а таксама 16 інструктараў спэцпрызначэньня, начальнік і 12 супрацоўнікаў службы псыхалягічнай падрыхтоўкі, а таксама ўся каманда апэратараў вадамётаў — 16 чалавек.
У МУС Грузіі гэтых адставак пакуль не камэнтуюць, а журналісты зьвязваюць з гэтымі звальненьнямі тое, што ў мінулую ноч паліцыя не разганяла пратэстоўцаў.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.
Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.
4 сьнежня стала вядома аб ператрусах у офісах апазыцыйных партый і затрыманьні іх лідэраў.