Сэрбскія заканадаўцы пачалі разгляд законапраекту, пададзенага ў парлямэнт, які прадугледжвае стварэньне рэестру «іншаземных агентаў». Гэта можа перашкодзіць Сэрбіі ісьці дарогай уступленьня ў Эўразьвяз, пішуць Балканская і Расейская службы Свабоды.
Законапраект, ініцыяваны сябрамі Руху сацыялістаў на чале з прарасейскім віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Вуліным, накіраваны на рэгуляваньне арганізацый і асоб, якія атрымліваюць больш за 50% фінансаваньня з замежных крыніц.
Прыхільнікі закону сьцьвярджаюць, што ён накіраваны на забесьпячэньне большай празрыстасьці ў сэктары НДА. Быццам некаторыя арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы, працуюць супраць нацыянальных інтарэсаў Сэрбіі.
Аднак крытыкі — як у Сэрбіі, так і на міжнародным узроўні — папярэджваюць, што такі закон можа стыгматызаваць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, перашкодзіць іх дзейнасьці і абмежаваць свабоду выказваньня.
«Гэты законапраект нясе сур’ёзную і непасрэдную пагрозу арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, ставячы пад пагрозу іх ролю ў абароне дэмакратычных каштоўнасьцяў, правоў чалавека і эўрапейскай інтэграцыі», — гаворыцца ў заяве Эканамічнага і сацыяльнага камітэтаў ЭЗ. Там назвалі такі закон «несумяшчальным з фундамэнтальнымі каштоўнасьцямі Эўразьвязу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўводзяць візавыя абмежаваньні супраць грузінскіх чыноўнікаў за прыняцьце закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву»Сэрбія разам з Чарнагорыяй лічыцца фаварытам у працэсе ўступленьня ў Эўразьвяз. Аднак, каб атрымаць сяброўства, краіны-кандыдаткі павінны гарманізаваць свае законы, палітыку, інстытуты і практыку са стандартамі ЭЗ. А любое заканадаўства, якое ўспрымаецца як прыгнечаньне грамадзянскіх свабодаў, можа паставіць пад пагрозу гэты прагрэс, гавораць у Брусэлі.
У Чарнагорыі аналягічны законапраект быў прадстаўлены ў кастрычніку кааліцыяй «За будучыню Чарнагорыі», у якую ўваходзяць прарасейскія партыі, такія як Новая сэрбская дэмакратыя і Дэмакратычная народная партыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Сэрбія дамовіліся пра супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі і падрыхтоўкі сілавікоўЗаконапраект у Сэрбіі таксама мае вытокі ад прарасейскіх сілаў.
Віцэ-прэм’ер краіны Аляксандар Вулін пазыцыянуе законапраект як меру празрыстасьці, параўноўваючы яго з Законам ЗША аб рэгістрацыі іншаземных агентаў (FARA). Аднак дзеячы сэрбскай апазыцыі і міжнародныя назіральнікі сьцьвярджаюць, што законапраект больш нагадвае абмежавальнае заканадаўства, што дзейнічае ў Расеі.
Шчыльныя сувязі Вуліна з Масквой, якія падкрэсьліваюцца частымі візытамі і ягонай роляй у каардынацыі дзейнасьці Сэрбіі ў БРІКС, прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасьці. У 2023 годзе ён быў зьмешчаны пад санкцыі ЗША за нібыта садзейнічаньне дзейнасьці Расеі на Балканах. Крытыкі лічаць прапанаваны закон адпаведным шаблёну Масквы, каб задушыць незалежныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і абмежаваць іншадумства.
Акрамя Расеі і Грузіі, закон аб іншаземных агентах хацелі прыняць у Рэспубліцы Сэрбскай — аўтаномнай частцы Босьніі і Герцагавіны. Але там законапраект адклікалі зь мясцовага парлямэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Рэспублікі Сэрбскай адклікаў з парлямэнту закон «аб іншаземных агентах»