Украіна ўвяла санкцыі супраць Грузіі. Зеленскі патлумачыў прычыны

Уладзімір Зяленскі. Ілюстрацыйнае фота

«Разам трэба абараняцца супраць Масквы. Мы заклікаем Эўропу, Амэрыку, усіх у сьвеце дзейнічаць гэтак сама — дзейнічаць прынцыпова», — сказаў Уладзмір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што падпісаў указ аб увядзеньні санкцый супраць Грузіі.

«Гэта санкцыі супраць той часткі ўлады зараз у Грузіі, якая здае Грузію Пуціну. Так бывае ў міжнародных справах: калі своечасова не адрэагаваць або калі адрэагаваць непрынцыпова, то далей — страчаныя дзесяцігодзьдзі і краіны, пазбаўленыя свабоды», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце раніцай 5 сьнежня.

Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ў рэгіёне нельга нікога страціць — ні Грузію, ні Ўкраіну. «Разам трэба абараняцца супраць Масквы. Мы заклікаем Эўропу, Амэрыку, усіх у сьвеце дзейнічаць гэтак сама — дзейнічаць прынцыпова», — сказаў Уладзмір Зяленскі.

Згодна з апублікаваным тэкстам указу, Украіна ўвяла санкцыі супраць 19 прадстаўнікоў дзейнай улады Грузіі на чале зь лідэрам партыі «Грузінская мара» Бідзінам Іванішвілі і прэм'ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ. У прыватнасьці, размова ідзе аб забароне на 10 гадоў уезду ва Ўкраіну, а таксама удзельнічаць у эканамічнай і інвэстыцыйнай дзейнасьці на ўкраінскай тэрыторыі.

Раней аб увядзеньні санкцый датычна прадстаўнікоў дзейнай улады Грузіі заявілі тры краіны Балтыі — Літва, Латвія і Эстонія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі ўводзяць санкцыі супраць грузінскіх афіцыйных асобаў, датычных да разгону пратэстаў

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар Блінкен аб пратэстах у Грузіі: ЗША падтрымліваюць грузінскі народ


Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.

4 сьнежня стала вядома аб ператрусах у офісах апазыцыйных партый і затрыманьні іх лідэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі затрымалі лідэраў апазыцыі. У партыйных офісах праводзяць ператрусы