У сьпіс прадпрыемстваў і арганізацый, на якія Польшча наклала санкцыі, трапіла маладое прадпрыемства «НФТ». Гэта кампанія прадавала ў Эўразьвяз карбамід і аміячную салетру. Яе зарэгістравала крыху больш за год таму ў Капцееўцы пад Горадняй, піша газэта «Белорусы и рынок».
Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы зьвярнула ўвагу, што вытворчасьць гэтай сумесі магчымая толькі ў «вельмі буйных і затратных прамысловых устаноўках, падрыхтоўка і рэалізацыя якіх займае некалькі гадоў». І што «немагчыма раптоўна перанесьці або арганізаваць вытворчасьць гэтай прадукцыі».
Адміністрацыя зрабіла выснову, што сапраўдным вытворцам угнаеньняў зьяўляецца «Гродна Азот». А гэтае прадпрыемства са сьнежня 2021 году пад санкцыямі Эўразьвязу і яго прадукцыя забароненая да ўвозу на яго рынак. Як адзначана ў абгрунтаваньні санкцый, «НФТ», «набываючы прадукцыю „Гродна Азот“ (непасрэдна або ўскосна) і затым экспартуючы яе, парушае санкцыйныя абмежаваньні, якія ўключаюць забарону на ўвоз і вываз беларускай прадукцыі ад падсанкцыйных суб’ектаў незалежна ад краіны, кампаніі або іншых пасрэдніцкіх абставінаў».
Цяпер «НФТ» чакае замарожваньне ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, забарона прадастаўленьня любых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў і выключэньне з польскіх дзяржаўных закупак ці конкурсных працэдур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» пастаўляў угнаеньні ва Ўкраіну праз Расею і Баўгарыю з дапамогай дубайскай кампанііНа гэты момант пад аналягічнымі абмежаваньнямі знаходзяцца 7 юрыдычных асобаў зь беларускімі заснавальнікамі. Зь іх шэсьць — дзяржаўныя прадпрыемствы і іх даччыныя структуры ў Польшчы і Вугоршчыне. Адна — прыватная кампанія, якая працавала ў Польшчы.
У прыватнасьці, гэта прадавец нафты Beloil Polska, «МТЗ-холдынг» і яго збытавыя структуры ў Польшчы (Belarus Traktor) і Вугоршчыне (Belarus Traktor KFT), польская кампанія Менскага аўтамабільнага заводу MAZ Auto Poland.
У 2024 годзе пад санкцыі падпалі адзін з найбуйнейшых у Эўропе вытворцаў харчовай солі «Мазырсоль» і польскі прадавец аўтамабіляў Tradservice. Апошні мае беларускіх заснавальнікаў і займаўся перагонкай праз Беларусь люксавых аўтамабіляў для расейскіх кліентаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» зноў зьбіраецца судзіцца зь Літвой. Ці ёсьць шанцы выйграцьСанкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.