Парлямэнт Францыі вынес вотум недаверу ўраду

Прэм'ер-міністар Францыі Мішэль Барнье і прэзыдэнт Эманюэль Макрон.

Парлямэнт Францыі вынес вотум недаверу ўраду Мішэля Барнье. Ён падасьць прашэньне аб адстаўцы прэзыдэнту Эманюэлю Макрону.

За адстаўку прэм’ер-міністра прагаласавала абсалютная большасьць дэпутатаў, 331 чалавек. Гэта першы выпадак звальненьня ўраду дэпутатамі з 1962 году, піша Le Parisien.

Прэм'ер-міністар быў звольнены пасьля таго, як прыняў без ухвалы дэпутатаў закон аб бюджэце сацыяльнага страхаваньня на 2025 год. Дакумэнт прапаноўваў скараціць выдаткі бюджэту на 40 мільярдаў эўра і павысіць падаткі на агульную суму 20 мільярдаў.

5 верасьня 2024 году Мішэль Барнье стаў найстарэйшым кіраўніком францускага кабінэту міністраў у сучаснай гісторыі, зьмяніўшы самага маладога — 35-гадовага Габрыеля Аталя. Кандыдатуру выбралі, каб пазьбегнуць вотуму недаверу ад апазыцыйных дэпутатаў, піша Le Figaro.

Барнье — былы міністар замежных спраў Францыі пры прэзыдэнту Жаку Шыраку. Ён быў міністрам аховы навакольнага асяродзьдзя ў пачатку – сярэдзіне 90-х, сакратаром у эўрапейскіх справах і міністрам сельскай гаспадаркі. Ён займаў высокія пасады ў Эўразьвязе, у тым ліку быў галоўным перамоўнікам з боку ЭЗ пра ўмовы выхаду Вялікай Брытаніі са Зьвязу.

Прызначэньне прэм’ер-міністра ў Францыі — прэрагатыва прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі самага маладога прэм’ера памянялі на самага старога