Прэзыдэнт Літвы зацьвердзіў міністраў новага ўраду. Кіраўнік МЗС раней заклікаў скараціць міграцыю беларусаў у краіну

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 4 сьнежня падпісаў указ аб складзе новага ўраду. Новы кабінэт міністраў сфармаваны бязь дзьвюх пазыцыяў: па-ранейшаму невядома, хто ўзначаліць Міністэрства юстыцыі і Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы, паведамляе Delfi.

4 сьнежня прызначаны прэм'ер-міністар Гінтаўтас Палуцкас паведаміў, што прадставіў прэзыдэнту Літвы кандыдатуры 12 міністраў.

Так, кіраваць МЗС Літвы будзе галоўны дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кястуціс Будрыс. Сёлета ў красавіку Будрыс заяўляў, што неабходна «істотна абмежаваць і скараціць» плынь грамадзян Беларусі і Расеі, якія прыбываюць у Літву. Але, паводле яго, пры гэтым трэба вылучыць і «не чапаць» «беларускую апазыцыю, людзей, якія ўжо знаходзяцца тут, у якіх ужо ёсьць часовы дазвол на жыхарства ў Літве, якія ствараюць сем’і».

У кастрычніку 2023 году Будрыс таксама заяўляў, што Літва дэ-факта ўжо накладае на грамадзян Беларусі тыя ж абмежаваньні, што і на расейцаў, і выступаў за далейшую ўніфікацыю абмежавальных захадаў для беларусаў і расейцаў, бо абедзьве краіны ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Украіны, піша «Люстэрка».

Міністэрства абароны Літвы ўзначаліць Давіле Шакалене. Гэта дэпутатка літоўскага парлямэнту ў сьнежні 2022 году ініцыявала ўхваленьне рэзалюцыі аб сур’ёзных сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, у якой літоўскія дэпутаты заклікалі прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі КДБ Беларусі і ГУБАЗіК. Таксама Давіле Шакалене ў лютым 2012 годзе ўзяла сымбалічнае апякунства над палітзьняволенай Марыяй Калесьнікавай, а падчас абмеркаваньняў магчымых абмежаваньняў для беларусаў у Літве выступала за больш мяккі падыход.

На пасаду кіраўніка МУС Літвы зацьверджаны дырэктар адміністрацыі Віленскага раённага самакіраваньня Ўладзіслаў Кандратовіч. Ён свабодна валодае беларускай, расейскай, польскай і англельскай мовамі, пісала пра яго выданьне «Волна».

Таксама прэзыдэнт Літвы зацьвердзіў

  • на пасаду міністра фінансаў Літвы — Рымантаса Шаджуса, які раней займаў гэту пасаду,
  • на пасаду міністра культуры — чальца Сэйму Шарунаса Біруціса,
  • на пасаду міністра сацыяльнай абароны і працы — парлямэнтара Інгу Ругінене,
  • на пасаду міністра транспарту — чальца Сэйму Эўгеніюса Сабуціса,
  • на пасаду міністра аховы здароўя — дырэктара Інстытута навук аб здароўі Мэдыцынскага факультэта Віленскага ўніверсытэта Марыю Якубаўскайце,
  • на пасаду міністра адукацыі, навукі і спорту — парлямэнтара Рамінту Папавене,
  • міністра эканомікі і інавацыяў — парлямэнтара Лукаса Савіцкаса,
  • міністра энэргетыкі — Жыгімантаса Вайчунаса, які раней ужо займаў гэтую пасаду,
  • міністра сельскай гаспадаркі — старшыні Сельскагаспадарчай рады Літвы Ігнаса Хофманаса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў віцэ-мэрам Вільні, меў умоўны вырак, да 2020 году выступаў за дыялёг з уладамі Беларусі. Што вядома пра новага прэм’ера Літвы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве стварылі парлямэнцкую кааліцыю, нягледзячы на «антысэміцкі скандал»