Афіцыйны Менск назваў Стратэгічны дыялёг ЗША і дэмакратычных сілаў умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі

Другі стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам (Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская ў першым шэрагу). Вільня, 4 сьнежня 2024 году.

Аб «зьдзіўленьні» ў сувязі з правядзеньнем Вашынгтонам Другога раўнду стратэгічнага дыялёгу зь беларускім дэмакратычным рухам заявіла 4 сьнежня амбасада Беларусі ў ЗША.

Назваўшы паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША аб выніках стратэгічнага дыялёгу «нататкай для СМІ», дыпляматычнае прадстаўніцтва абвінаваціла Вашынгтон у «непрыкрытым умяшаньні» ва ўнутраныя справы Беларусі.

Амбасада чарговы раз адзначыла, што «амэрыканскаму рэжыму варта было б заклапаціцца сваімі ўласнымі ўсюдыіснымі ўнутранымі праблемамі і абуральнымі парушэньнямі правоў чалавека, шырока прызнанымі аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі па правах чалавека і сумленнымі амэрыканскімі палітыкамі».

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, паводле паведамленьня амбасады, пройдуць «у поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам».

«Наша краіна і наш народ сёньня як ніколі адзіныя і гатовыя пасьпяхова спыняць і стрымліваць любыя замахі, накіраваныя на падрыў незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь», — сьцьвярджаецца ў паведамленьні.

Другі раўнд Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі адбыўся 3–4 сьнежня ў Вільні. Першы раўнд прайшоў 6–8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне.

Сустаршынямі стратэгічнага дыялёгу выступілі намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Крыстафэр У. Сьміт і дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. У пасяджэньнях узялі ўдзел прадстаўнікі шматлікіх урадавых устаноў ЗША разам з шырокім колам беларускіх дэмакратычных лідэраў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

  • Па выніках дыялёгу Злучаныя Штаты заклікалі да безумоўнага вызваленьня ўсіх 1300 палітвязьняў у Беларусі, заклікалі рэжым у Менску «правесьці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраньнем і выказалі заклапочанасьцю нэгатыўным уплывам афіцыйнага Менску на рэгіянальную бяясьпеку і назвалі яго «дэстабілізацыйным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па выніках Стратэгічнага дыялёгу Злучаныя Штаты заклікалі да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі Стратэгічны дыялёг ЗША і беларускага дэмакратычнага руху абмяркоўвае, як наблізіць зьмены ў Беларусі і быць гатовымі да іх

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.