Былы кіраўнік «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі стаў галоўным мэнэджарам новага праекту Belarus Tomorrow

Аляксей Дзікавіцкі на «Белсаце», архіўнае фота.

Былы выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі стаў кіраўніком новага праекту Belarus Tomorrow па стварэньні відэаплятформы для незалежных беларускіх СМІ.

Пра гэта сам Аляксей Дзікавіцкі распавёў у сябе ў Фэйсбуку.

«Belarus Tomorrow — гэта зусім малады праект па стварэньні відэаплятформы для незалежных беларускіх мэдыяў. Часы зьмяняюцца і відэа можа рабіць цяпер ня толькі клясычная тэлевізія, дзеля гэтага хаця часам і пажадана, але ўжо часта не абавязкова мець вялізныя студыі і вельмі дарагое абасталяваньне. А робіцца гэтага беларусамі шмат, рознай якасьці, на розную тэматыку і ў розных краінах сьвету», — патлумачыў ідэю праекту Аляксей Дзікавіцкі.

Паводле яго, мэта Belarus Tomorrow у тым, каб паспрабаваць сабраць гэты відэа-кантэнт на адной плятформе, агульнымі намаганьнямі палепшыць якасьць ды стварыць на пачатку прататып агульнай сеткі вяшчаньня, а ў выніку — закласьці падмурак для стварэньня будучага, цалкам беларускага, грамадзкага тэлебачаньня.

«І менавіта да гэтага праекту я цяпер далучаюся ў якасьці галоўнага мэнэджара, дзякуючы за запрашэньне і давер. Практычна ўсё трэба пачынаць з нуля, дарога складаная і пры пакуль абмежаваных сродках, але затое з поўнай запалу і ідэяў невялікай камандай», — паведаміў Аляксей Дзікавіцкі.

Ён параўнаў новы праект з тым, як 18 гадоў пачаў сваю працу на «Белсаце», выказаўшы спадзяваньне, што і з праекту Belarus Tomorrow таксама «вырасьце сапраўдная тэлевізія».

Таксама Дзікавіцкі ўдакладніў, што разьвітваючыся зь «Белсатам», ён яшчэ ня ведаў пра тое, што ў Belarus Tomorrow патрэбны кіраўнік праекту і гэтая прапанова стала для яго «поўнай нечаканасьцю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Я не ўяўляю, што гэтага ня ведаў Кабінэт». Дзікавіцкі пра тое, чаму пакідае «Белсат»
  • Тэлеканал «Белсат» зазнаў глябальныя зьмены пасьля парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. У сакавіку 2024 году з пасады дырэктаркі звольнілі стваральніцу каналу Агнешку Рамашэўскую-Гузы, якая ўзначальвала канал ад моманту стварэньня да сакавіка 2024 году, агулам — больш за 18 гадоў. З таго часу абавязкі дырэктара «Белсату» выконваў Аляксей Дзікавіцкі.
  • 15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэньне новай кіраўніцы — Аліны Коўшык. Чаму кіраўніцтва Польскага тэлебачаньня пастанавіла не пакідаць Дзікавіцкага на чале беларускай рэдакцыі, журналістам не патлумачылі.
  • Аляксей Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 сьнежня, але падаў заяву аб звальненьні ўжо ад 22 лістапада. Як патлумачыў сам Дзікавіцкі, ён вырашыў зрабіць гэта, каб яму не давялося фармальна ліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV».
  • Журналістам таксама абвясьцілі, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай, а стане часткай новага цэнтру замежнага вяшчаньня TVP, куды таксама залучаць англамоўны канал TVP World. Эфір «Белсату» падзеляць паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расейскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай, якая пакуль ня мае назвы. Кожная будзе мець сваіх 6 гадзінаў.
  • Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасьці вядоўцы, рэдактаркі і прадусаркі тэлепраграмаў. У верасьні 2022 году яна пайшла ў палітыку: далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі, а потым трапіла ў Каардынацыйную раду. Яна ўжо пакінула абедзьве структуры дзеля працы на тэлеканале. Пасьля прызначэньня Аліна Коўшык паабяцала, што «Белсат» застанецца незалежным каналам, без цэнзуры, каналам для беларусаў, які робяць беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Будзем аддзяляцца ад расейскай рэдакцыі». Новая кіраўніца расказала, што далей будзе зь «Белсатам»